Практычнае значэнне амфібій і рэптылій заключаецца перш за ўсё ў стрымліванні масавага размнажэння шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. У лясах, парках, на палях, агародах і ў садах гэтыя жывёлы непрыкметна робяць сваю добрую справу. Пры спрыяльных умовах, калі ёсць вадаёмы размнажэння, колькасць амфібій тут дасягае да 200 асобін на 1 га, а ў некаторых садах і парках - да 2000. За адны суткі знішчаецца да 300-2000 г/га сырой масы беспазваночных. Сярод рэптылій абаронцам сельгасугоддзяў ад шкоднікаў з'яўляецца найбольш масавы від - порсткая яшчарка, якая пашырана на ўчастках, што знаходзяцца на мяжы з палямі і садамі. У месцах сваёй найбольшай канцэнтрацыі (каля 600 асобін/га) порсткая яшчарка знішчае 1000-1800 г/га беспазваночных за суткі. Значную частку корму (да 40-70%) амфібій і рэптылій складаюць такія шкоднікі, як вусені розных матылькоў, шчаўкуны, розныя жукі, слізнякі, клапы і іншыя. Земнаводныя дапамагаюць у барацьбе са шкоднікам бульбы - каларадскім жуком. Вызначана, што калі на 1 га бульбянога поля прыпадае 50 зялёных рапух, то яны, калі не ўлічваць іншых беспазваночных, знішчаюць кожныя суткі каля 100 жукоў і 250 іх лічынак. У адрозненне ад шэрагу відаў птушак у рацыёне амфібій і рэптылій адносна больш шкоднікаў, якія маюць маскіровачную афарбоўку, а таксама асцярожных, хуткіх, з непрыемным пахам або адпужвальным выглядам. Акрамя таго, земнаводныя кормяцца большай часткай у прыцемках, калі птушкі і іншыя насякомаедныя не з'яўляюцца актыўнымі. Вядома, што ў шэрагу краін Заходняй Эўропы, а таксама іншых рэгіёнаў, закупляюць партыі рапух і выпускаюць іх на плантацыі. Гэты спосаб барацьбы са шкоднікамі з'яўляецца больш танным і бяспечным для людзей і жывёл, чым выкарыстанне ядахімікатаў. Вялікую карысць прыносяць змеі, якія спрыяюць змяншэнню колькасці мышападобных грызуноў - злосных шкоднікаў сельскай гаспадаркі. Істотная роля змей у знішчэнні мышападобных грызуноў звязана з тым, што яны здольныя пранікаць у норы і паядаць мышыныя вывадкі. Знішчэнне рэптыліямі мышападобных грызуноў, якія з'яўляюцца пераносчыкамі небяспечных хвароб, мае таксама паразіталагічнае значэнне. Ва ўмовах Беларусі найбольшую перспектыву для рэалізацыі біялагічнага метаду барацьбы з беспазваночнымі шкоднікамі маюць зялёная рапуха, звычайная часночніца і порсткая яшчарка. Гэтыя віды праяўляюць тэндэнцыю да сінантрапізацыі, гэта значыць не толькі выкарыстоўваюцца ў месцах, якія пераўтвораны гаспадарчай дзейнасцю чалавека, але нават павялічваюць сваю колькасць. Пэўную ролю ў абмежаванні колькасці непрыемных для чалавека крывасмокаў адыгрываюць чырванабрухая жарлянка і трытоны, што паядаюць лічынак камароў. Важнай з'яўляецца біяцэнатычная роля лічынак бясхвостых амфібій (апалонікаў), якая звязана з паяданнем імі вялікай колькасці фітапланктону і водарасцей-абрастальнікаў. У сувязі з гэтым яны могуць быць выкарыстаны для прадухілення эўтрафіравання вадаёмаў. Асабліва актуальным гэта з'яўляецца для многіх вадасховішчаў, сажалак, паркавых вадаёмаў, а таксама вадаёмаў-ахладжальнікаў энергетычных аб'ектаў. Некаторыя віды амфібій і рэптылій з'яўляюцца аб'ектамі промыслу. На жаль, у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, якая выклікала забруджванне радыенуклідамі значнай тэрыторыі краіны, знізілася актуальнасць рэгламентаванага промыслу зялёных жаб (азёрнай і сажалкавай) як далікатэсных харчовых аб'ектаў для экспарту. Вялікая колькасць жаб выкарыстоўваецца ў навучальных і навуковых мэтах, за што яны атрымалі прызнанне як «пакутнікі навукі». Асаблівае значэнне і каштоўнасць мае гадзюка звычайная, якая з'яўляецца крыніцай яду - сыравіны для фармацэўтычнай прамысловасці. Цяпер гэта асноўны прамысловы від сярод ядавітых змей. Яд гадзюкі складае аснову шэрагу прэпаратаў: віпратоксу, віпраксіну, віпрасалу. Ён жа з'яўяецца незаменным кампанентам лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне як кроваспыняльныя сродкі пры правядзенні поласцевых, сардэчных і чарапных аперацый, як болесуцішальныя сродкі пры лячэнні рэўматызму, ішыясаў, артрытаў, як лекавыя сродкі пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, гіпертаніі, бранхіяльнай астме, эпілепсіі, а таксама пры некаторых формах злаякасных пухлін. Змяіны яд ужываецца ў хірургіі і ларынгалогіі, для вызначэння пратрамбінавага індэкса крыві. Скурныя выдзяленні рапух і чырванабрухай жарлянкі таксама могуць у перспектыве быць выкарыстаны ў фармакалогіі.

Паведаміць пра недакладнасьць