Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Скульптура (пластыка; ад лац. sculpo - выразаю, высякаю), від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць аб'ёмную, трохмерную форму і выконваюцца (высяканнем, выразаннем, лепкай, коўкай, ліццём і інш.) з цвёрдых ці пластычных матэрыялаў (камень, метал, дрэва, гліна і інш.). Мастацка-выразныя сродкі С.: пабудова аб'ёмнай формы, пластычная мадэліроўка (лепка), распрацоўка сілуэта, фактуры, часам колеру. Асноўныя віды С. - круглая (статуя, бюст, група) і плоская (рэльеф), манументальная (помнікі, манументы) і манументальна-дэкаратыўная (архітэктурны дэкор, садова-паркавая), станковая (выконваецца на спецыяльным станку). Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У асобны від творчай дзейнасці са сваімі спецыфічнымі задачамі С. выкрышталізавалася ў перыяд існавання першых цывілізацый свету (Старажытны Эгіпет, Месапатамія). У эпоху антычнасці С. дасягнула росквіту ў культуры Старажытнай Грэцыі (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет і інш.). Культавая С. сярэневякоўя ў Эўропе і Азіі аб'ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Мікеланджэла, К.Слютэра, А.Крафта і інш. У 17-20 ст. С. развівалася ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў (маньерызм, барока, класіцызм, рамантызм, мадэрн, імпрэсіянізм, постмадэрнізм і інш.). Сярод найбольш вядомых скульптараў мінулых стагоддзяў Дж.Л.Берніні, А.Канова, Б.Торвальдсэн, Ж.А.Гудон, Б.К.Растрэлі, І.Мартас, А.Радэн, Г.Арп, Г.Мур, Ф.Крэмер і інш.

На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія помнікі С., знойдзеныя пры раскопках на стаянцы Асавец і звязаныя з культам продкаў, адносяцца да каменнага веку. У пачатку 10 ст. былі створаны мініяцюрныя касцяныя фігуркі птушак і жывёл, а таксама Шклоўскі ідал. У 12-13 ст. былі зроблены знойдзеныя ў Полацку, Менску, Тураве, Пінску каменныя і шыферныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. У наступныя стагоддзі творы С. вызначаліся манументальнай трактоўкай формы, выцягнутымі прапорцыямі фігур. Шмат майстроў-разбяроў - выхадцаў з Беларусі - у 17 ст. працавала ў Расейскай дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы высокамастацкай разьбой па дрэве (гл. Беларуская рэзь). Захавалася нямала ўзораў культавай С. стылю барока 17-18 ст. у касцёлах і вуніяцкіх храмах Беларусі. У 17-18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гістарычных дзеячаў). З канца 18 ст. пачаў развівацца класіцызм (рысы якога заўважаюцца ў творчасці К.Ельскага), пазней рэалізм (В.Смакоўскі, Р.Слізень). Рысы мадэрнізму ўласцівы творам Я.Тышынскага, І.Багушэўскага, В.Бубноўскага і інш. У савецкі перыяд скульптары стваралі партрэты, помнікі дзеячам рэвалюцыйнага руху, гісторыі і культуры, партыйным кіраўнікам, партызанам і інш. У манументальнай С. вылучаюцца шматфігурныя гарэльефы для Манументу Перамогі ў Менску (З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў), рэльефы на Кургане Славы, у комплексах Берасцейская крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў). У Менску створаны помнікі Я.Купалу (Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), Я.Коласу (З.Азгур), а ў Полацку - Ф.Скарыне (А.Глебаў) і інш.

Культуралогія   Культуралогія
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019