1) чалавек з найвышэйшай ступенню творчай адоранасці, даравітасці. З'яўленне і развіццё Г. абумоўлена ўздеяннем шэрагу фактараў, сярод якіх спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі і да т.п. Творчая дзейнасць Г. практычна заўсёды вызначаецца ўніверсальна-цэласным характарам, выключнай самабытнасцю, глыбокім наватарствам, паспяховым вырашэннем самых складаных праблем, пераадоленнем састарэлых грамадскіх ідэалаў, догмаў і стэрэатыпаў, вялікай творчай прадукцыйнасцю, наяўнасцю добра развітай інтуіцыі, фантазіі і прадбачання. Звычайна ў творах Г. ў надзвычай арыгінальнай форме адлюстроўваюцца спрадвечныя ідэйна-эстэтычныя каштоўнасці, маральна-духоўныя арыентацыі чалавека, народа і нават усяго чалавецтва. Агульнапрызнана, што найвялікшымі геніямі чалавецтва з'яўляюцца музыканты В.Моцарт, І.Бах, Л.Бетховен, мастакі Рафаэль, Мікеланджэла, П.Пікасо, паэты Гамер, Дантэ, І.Гётэ, празаікі А.Бальзак, Ч.Дзікенс, Л.Талстой, драматургі У.Шэкспір, Мальер, Б.Шоў, філосафы Арыстоцель, Б.Спіноза, Г.Гегель, вучоныя І.Ньютан, Ч.Дарвін, А.Эйнштэйн, палітычныя і ваенныя дзеячы Цэзар, Напалеон, У.Чэрчыль. Да нацыянальных геніяў Беларусі можна з поўным правам аднесці беларускага першадрукара і асветніка Ф.Скарыну, класікаў беларускай літаратуры, заснавальнікаў новай беларускай літаратурнай мовы Я.Коласа, Я.Купалу, М.Багдановіча, аднаго з першых беларускіх нацыянальных паэтаў, «бацьку беларускага адраджэння» Ф.Багушэвіча.
2) У старажытна-рымскай міфалогіі Г. - прабацька роду, потым бог мужчынскай сілы, а таксама добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Паводле старажытнарымскіх павер'яў, дзень нараджэння чалавека лічыўся святам яго Г., якому прыносіліся разнастайныя ахвяры. У Рымскай імперыі Г. (духаў-ахоўнікаў) мелі не толькі людзі, але і гарады, асобныя мясцовасці, некаторыя карпарацыі, воінскія часці, сем'і, абшчыны.