Рэлятывізм культурны (лац. relativus - адносны), светаўспрыманне ў рамках эўрапейскай культуры, звязанае з прызнаннем адноснасці, г.зн. абмежаванай каштоўнасці, сапраўднасці ўсіх веравызнанняў, маральных кодэксаў, навуковых тэорый, філасофскіх поглядаў і мастацкіх формаў. Склаўся на мяжы 19-20 ст. і быў своеасаблівай рэакцыяй на крызіс асветніцкага рацыяналізму і гуманізму, страту веры ў прагрэс, справядлівасць і перамогу розуму. Паняцце «Р.к.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння разнастайнасці культур і шляхоў іх развіцця, каштоўнасных сістэм і культурна-гістарычных тыпаў. Ідэі Р.к. знайшлі сваё адлюстраванне ў працах вядомых культуролагаў М.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Тойнбі, П.Сарокіна, Ф.Боаса, М.Мід, Р.Бенядыкт і інш. Яго прыхільнікі адмаўлялі прынцыпы адзінства сусветнай гісторыі і чалавецтва, выступалі супраць тэорыі адналінейнага эвалюцыянізму і эўропацэнтрызму; яны лічылі, што кожная культура мае дамінуючую рысу, своеасаблівы «фокус», вакол якога сабраны іншыя яе элементы.