Водныя формы амфібіі і рэптыліі, жывёлы, у якіх форма цела і будова некаторых вонкавых органаў прыстасаваны да жыцця ў водным асяроддзі. У Беларусі з хвастатых амфібій трапляюцца звычайны і грабеньчаты трытоны. Яны маюць выцягнутае цела, дзве пары ног, аднолькавай даўжыні з тулавам або крыху карацейшы хвост. Плаваюць пры дапамозе бакавых або спіральных рухаў хваста, які мае вертыкальны плаўнік. Канечнасці ў час плавання прыціснуты да цела і накіраваны назад. На зямлі трытоны нязграбныя, рухаюцца, змеепадобна выгінаючы і цягнучы бруха па зямлі. У іх дрэнна развіты лёгкія, таму вялікая роля належыць скурнаму дыханню. У вадзе гэтыя жывёлы звычайна праводзяць толькі перыяд размнажэння (вясну і першую палавіну лета), потым перабіраюцца на сушу, дзе звычайна зімуюць. Да амфібій, якія пастаянна жывуць у вадзе і трапляюцца ў Эўразіі, адносяцца ўсурыйскі кіпцюрасты і сямірэчанскі трытоны, у іх газаабмен ажыццяўляецца выключна за кошт скурнага дыхання. Хоць зялёныя жабы і чырванабрухія жарлянкі, якія трапляюцца ў Беларусі, маюць канстытуцыю наземных форм, большую частку года яны праводзяць у вадзе або побач з ёй, бо атрымліваюць праз скуру больш за 50% неабходнага для дыхання кіслароду. Пры дапамозе доўгіх задніх канечнасцей яны не толькі добра рухаюцца па сушы, але і выдатна плаваюць. Толькі на час зімоўкі чырванабрухая жарлянка пакідае вадаёмы і перабіраецца на сушу. Зялёныя жабы (асабліва сажалкавая), наадварот, на працягу актыўнага перыяду часта выходзяць на сушу, а зімуюць у вадаёмах. З усіх рэптылій, што трапляюцца ў Беларусі, толькі балотная чарапаха вядзе водны спосаб жыцця. Доўгі хвост і плавальная перапонка паміж пальцамі забяспечвае рух у вадзе. Балотная чарапаха вельмі добра плавае і нырае, можа да 20 хвілін знаходзіцца пад вадой. Як і ў многіх чарапах, важным прыстасаваннем для жыцця ў вадзе (асабліва ў перыяд зімовай спячкі) служаць своеасаблівыя дадатковыя органы дыхання: багатыя крывяноснымі капілярамі нарасці глоткі і анальныя пузыры. Складаная будова лёгкіх дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць кісларод нават пры іх слабай вентыляцыі. У перыяд зімняй спячкі чарапахі па некалькі месяцаў могуць знаходзіцца пад вадой. Гэта абумоўлена больш высокай колькасцю кіслароду ў халоднай вадзе (каля 4°C), таксама паніжэннем у гэты перыяд абмену рэчываў і іншымі фізіялагічнымі асаблівасцямі арганізма. Сярод астатніх паўзуноў Беларусі добра плаваюць жывародная яшчарка, вуж, гадзюка. Порсткая яшчарка таксама ў хвіліны смяротнай небяспекі можа кідацца ў ваду і хавацца пад купінай. Але для ўсіх гэтых відаў вада не з'яўляецца асноўным асяроддзем іх пражывання, і яны не могуць вызначацца як водныя формы. Для вужа вада з'яўляецца толькі добрым асяроддзем для перамяшчэння і ўкрыцця, а іншы раз і месцам палявання на жаб, апалонікаў і рыбу. Верагодна, гэты факт служыць падставай для існуючага меркавання, што ў Беларусі трапляюцца вадзяныя вужы, але паўночная мяжа прыроднага арэала вадзянога вужа праходзіць на поўдзень ад яе тэрыторыі.

Паведаміць пра недакладнасьць