Акультурацыя (acculturation - англ. неологизм ад лац. ad - к, да + cultura - ураблянне), працэс і вынік узаемаўплыву розных культур, пры якім ўсе ці частка прадстаўнікоў адной культуры (рэцыпіенты) пераймаюць нормы, каштоўнасці і традыцыі другой культуры (донара). У працэсе А. асобны народ або яго частка (саслоўе, клас, сацыяльная група, нацыянальная меншасць) засвойваюць культуру і мову другога народа (звычайна дэмаграфічна дамінуючага ці больш культурна развітога), але ў той жа час не страчваюць поўнасцю сваю культуру, гістарычную памяць і нацыянальную самасвядомасць. Упершыню праблема А. была апісана ў канцы 19 ст. ў працах ангельскіх і амерыканскіх этнографаў. У навуковым ужытку тэрмін А. замацаваўся ў першай трэці 20 ст., у перыяд хуткага развіцця культурнай антрапалогіі, калі ў даследаваннях Ф.Боаса, Р.Лінтана, Р.Рэдфілда, М.Мід, М.Хантэра, М.Херсковіца і інш. вызначаліся механізмы і асаблівасці ўплыву англасаксонскай культуры ЗША на мясцовых індзейцаў і афра-амерыканцаў. У 1930-я г. былі вылучаны тры асноўныя тыпы рэакцыі культуры-рэцыпіента на працэс А.: прыняцце (поўнае замяшчэнне старой культуры новай); адаптацыя (частковае змяненне старой культуры новай); адмаўленне (поўнае адарванне новай культуры). У сярэдзіне - другой палове 20 ст. замежнымі даследчыкамі вывучаліся звязаныя з А. працэсы вестэрнізацыі, кітаізацыі, японізацыі ў розных рэгіёнах свету. Прычым даследаваліся не толькі пытанні ўздзеяння дамінуючай культуры на розныя субкультуры, але і гэтых субкультур на культуру-донара (напр., афрыканскіх форм музыкі на заходняе музычнае мастацтва). А. можа мець пазітыўны характар, калі яна прыводзіць да ўзбагачэнння культуры-рэцыпіента. Аднак ў выпадках, калі ўплыў іншай культуры перавышае пэўную «крытычную мяжу», тады гэта можа ўяўляць пагрозу для культуры-рэціпіента, паколькі такі магутны знешні ўплыў можа прывесці да збяднення ці поўнага знікнення асобных нацыянальных традыцый, абрадаў, звычаяў, артэфактаў і інш. У выпадках, калі больш развітая, «моцная» культура падаўляе больш неразвітую, «слабую» культуру, нярэдка мае месца збядненне, дэградацыя апошняй. Прычым і «культура-донар» у выніку можа ў пэўным сэнсе растраціць свой унутраны патэнцыял, збядніць свой агульны «культурны фонд». У розныя гістарычныя эпохі беларуская культура неаднолькава рэагавала на працэсы А. з боку культур суседніх і больш далёкіх народаў. У эпоху Сярэднявечча пераважаў уплыў усходняй візантыйскай культуры, а ў час Рэнесансу - заходнеэўрапейскай культуры. На працягу 17-20 ст. вельмі моцнымі былі ўплывы на беларускую культуру суседніх культур - найперш польскай і расейскай. У працэсе паланізацыі і русіфікацыі беларуская культура набывала асобныя новыя рысы, засвойвала некаторыя іншаэтнічныя традыцыі, а часам, наадварот, не ўспрымала, адвяргала іх, аказваючы пэўны ўплыў на гэтыя культуры. У сучасны перыяд адбываецца пэўная вестэрнізацыя беларускай культуры, што ў большай ці меншай ступені выяўляецца ў сферы выяўленчага, тэатральнага мастацтва, літаратуры, кіно, музыкі.