Тыпалогія культур (грэч. typos - форма, узор + logos - веды, вучэнне), навуковы метад, у аснове якога ляжыць сістэматызацыя культур па найбольш агульных прыкметах, якасцях. Т.к. пабудавана на аснове некалькіх крытэрыяў: сувязь з рэлігіяй (культуры рэлігійныя і свецкія), рэгіянальная прыналежнасць культур (заходняя культура і ўсходняя культура, лацінаамерыканская, міжземнаморская культуры і інш.), этнічная агульнасць (расейская, французская), прыналежнасць да гістарычнага тыпу грамадства (культура традыцыйнага, індустрыяльнага, постіндустрыяльнага грамадства); гаспадарчы ўклад (культура паляўнічых і збіральнікаў, земляробаў, жывёлаводаў); сфера грамадства або від дзейнасці (культура вытворчая, палітычная, эканамічная, педагагічная, экалагічная, мастацкая культура і інш.); сувязь з тэрыторыяй (сельская і гарадская культура); спецыялізацыя (штодзейнная і спецыялізаваная культура); этнічная прыналежнасць (нацыянальная культура, этнічная культура); узровень майстэрства і тып аўдыторыі (народная культура, элітарная культура, масавая культура) і інш. Выдзяляюцца таксама розныя віды (разнавіднасці) культуры - напр., дамінуючая (агульнанацыянальная) культура, субкультура, контркультура. У найбольш абагульненым аспекце культуру традыцыйна прынята падзяляць на духоўную культуру і матэрыяльную культуру, якія з'яўляюцца своеасаблівымі камбінаванымі або комплекснымі ўтварэннямі, што «пранізваюць» ўсе вядомыя тыпы, віды і формы культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць