Дыялектыка (грэч. dialektike - вяду гутарку, разважаю). Загадкавае, недасягальнае і хаатычнае перапляценне з'яў здаўна выклікала ў свядомасці людзей меркаванне, што ў прыродзе павінны існаваць пэўны парадак і ўстойлівыя сувязі. Ужо антычная філасофія падкрэслівала зменлівасць усяго, што існуе, рэчаіснасць разумела як працэс, высвятляла ролю, якую ў гэтым працэсе іграе пераход усялякіх уласцівасцей у процілеглае (Геракліт, мілецкія матэрыялісты, піфагарыйцы). Першапачаткова тэрмінам «дыялектыка» абазначалі мастацтва весці спрэчкі ў выглядзе пытанняў і адказаў, а таксама мастацтва класіфікацыі паняццяў, раздзяленне рэчаў на роды і віды. Платон называў дыялектыку метадам пазнання ідэй з іх супярэчнасцямі, адзінкавага і шматлікага, вечнага і часовага, нязменнага і зменлівага. Платонаўскія ідэі развіў Арыстоцель, трактуючы дыялектыку не проста як абстрактныя веды, а як веды толькі яшчэ магчымага ці верагоднага. У філасофіі сярэднявечча - схаластыцы - дыялектыкай сталі называць адзін з раздзелаў логікі - фармальную логіку, якая тады супрацьпастаўлялася рыторыцы. У эпоху Адраджэння элементы дыялектыкі былі ў Мікалая Кузанскага і Дж.Бруна. У матэрыялістычнай філасофіі новага часу запанавала метафізіка. Аднак асобныя элементы дыялектыкі сустракаліся ў працах Р.Дэкарта, Б.Спінозы, Д.Дзідро. Новы этап у развіцці дыялектыкі звязаны з імёнамі нямецкіх філосафаў-ідэалістаў 18-19 ст. (Кант, Фіхтэ, Шэлінг, Гегель). Гегель упершыню сфармуляваў асноўныя законы дыялектыкі і стварыў сістэму яе катэгорый. Матэрыялістычную дыялектыку распрацоўвалі К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін. Яны лічылі, што дыялектыка ўяўляе сабой філасофскі метад даследавання прыроды, грамадства і пазнання, што толькі з пазіцый дыялектыкі можна зразумець складаны, поўны супярэчнасцей шлях станаўлення аб'ектыўнай ісціны. Універсальныя формы руху і развіцця матэрыяльнага свету і яго пазнання, а таксама аснову ўсеагульнага метаду дыялектычнага мыслення адлюстроўваюць законы дыялектыкі (закон адзінства і барацьбы процілегласцей, закон пераходу колькасных змен у якасныя, закон адмаўлення адмаўлення і інш.). Асноўныя законы дыялектыкі дапаўняюцца і канкрэтызуюцца заканамернасцямі, выяўленымі ў катэгорыях (матэрыя, рух і самарух, прастора і час, якасць і колькасць, адзінкавае і ўсеагульнае, суб'ект і аб'ект, змест і форма, неабходнасць і выпадковасць, магчымасць і рэчаіснасць, матэрыяльнае і ідэальнае, абсалютнае і адноснае і інш.). Сучасная эпоха характарызуецца асаблівым дынамізмам змен, вастрынёй супярэчнасцей, таму востра стаіць пытанне выкарыстання дыялектычнага метаду ва ўсіх галінах пазнання і практыкі пераадолення дагматызму і кансерватызму.

Паведаміць пра недакладнасьць