На запыт знайшлося 2402 артыкулы

  1. 201
    бавіць — забаўляць, глядзець малога; яшчэ — праводзіць час.
    Ён дзіцё бавіў. Ня робіць, а час бавіць.
  2. 202
    баган — багун.
    Баган добра ад клапоў хату ратуіць.
    (Магчыма, ад багны.)
  3. 203
    багатырка — багатая, багацейка.
    Равуць валы, равуць, // Багатырачку вязуць.
  4. 204
    бадэка — патарчака, нешта адрэчнае, няскладнае; яшчэ — няўмека, бязручка.
    Прывалок з лесу нейкую бадэку, хочаць зробіць кій сабе. Кусок чалавека - бадэка, у яго ўсё з рук валіцца.
  5. 205
    баёк — удзельнік бойкі, задзіра; яшчэ — маленькі бой, драчка.
    Свярбяць кулакі ў байка. Чым якая сварка, лепі маленькі баёк.
  6. 206
    байбас — пераростак, боўдзіла.
    Такі байбас - і ў першы клас!
  7. 207
    балабок — пустабрэх, балбатун.
    У балабока галава не баліць.
  8. 208
    балакі — аблокі, аблачыны.
    Па небі ходзюць такія цяжкія балакі.
  9. 209
    баламут — чмут, галавадур.
    Чмут-баламут, у чортавы лапці абут.
    (Мама тлумачыла: не баламут, а беламут, бо белае муціць.)
  10. 210
    балацюгі — зарослыя балоты.
    У балацюгах жывець страх.
  11. 211
    балмач — бесклапотнасць, бяздум'е, аблуда.
    Так і пражыў цэлы век балмаччу.
  12. 212
    бандыкі, бэндзі — несці малога заплеччу.
    Вазьмі сынка бандыкі - хай расцець вялікі.
  13. 213
    банкарт — байструк.
    Банкарты гуляюць у карты, а бацькавы дзеці ламаюць клеці.
  14. 214
    барабаніць — брынкаць, іграць.
    А на йскрыпку йграюць, // А на цымбалах барабаняць.
  15. 215
    барвічная — баравіковая, дзе растуць баравікі.
    Гэта самая барвічная мясціна.
  16. 216
    барляцца — вадзіць лыжкай ў варыве, квэцацца, вэдзгацца.
    Пабарляўся ў місі, а есці ня стаў. Не барляйся, а еш, што далі.
  17. 217
    барычное — насенне буракоў, морквы, капусты.
    Пагодай паспелі барычное пасеіць.
  18. 218
    басоля — басэтля.
    Цяпер бабі не да солі, як зайгралі ў басолі.
  19. 219
    басці — упарта казаць глупства.
    Што ты бадзеш адно й тое як бык?
  20. 220
    баўдур, байдур — дурань, ёлуп.
    З баўдурам гаварыць - толькі язык студзіць. Урадзіўся такі байдур, што сорам бярэць.

Паведаміць пра недакладнасьць