-
301
валатоўка — курган, насып.
А за валатоўкамі Доўжыца, рэчка-бягушка. Валатоўка была ў Крошыні, Букатачкай звалася. -
302
валяка — гультайка.
Дзень паробіць, два не, такая валяка. -
303
валяны — павалены.
Тут лес валяны, бура была ўсхадзілася. -
304
валяўка — прасталытка, гулявая, даступніца.
З кім толькі ні валялася валяўка гэная, і яму загілела. І дачка ў яе валяка, валяшчая скурка. -
305
вандзэлак — хатуль, клунак.
Бабкі, хапайце свае вандзэлкі. -
306
ванцак — боль у жываце.
Ад ванцака зёлкі ў мяне ёсь добрыя. -
307
варанджацца — прыкідвацца, строіць з сябе.
А не варанджайся ты дужа, быццам у цябе розум па патыліцы цячэць. -
308
варацакі — ваніты.
У яго жывот хворы, даводзяць яго варацакі. -
309
варголы — даслоўна: голы вар.
«Я табе, сынок, сягоння варголы звару», - жартавала мама. -
310
вархопкі — пажыткі, манаткі.
Пахапалі свае вархопкі й хутчэй дадому. -
311
варыўня — будыніна, дзе гатуюць ежу.
Яна ў сваю варыўню ўсё цягніць. -
312
ватарга — гурма, зборня.
Гляджу, едзіць цэлая ватарга, канца не відаць. -
313
ваўкаедня, ваўкаўня — ваўчынае логава (логвішча, логаўе); яшчэ — няўтульная будыніна.
У ваўкаедні трох ваўчанят бачылі. У хаці, як у ваўкаедні, халодна. Хата пустая, як ваўкаўня. -
314
ваўкарэзіна — абразлівы зварот да каровы, каня.
Стой, ваўкарэзіна, каб на цябе ваўкі! -
315
ваўначоска — майстэрня, дзе чэшуць воўну.
Паўдня на ваўначосцы выстаяла, пакуль кузлак воўны счасала. -
316
вачапор — вісус, накольнік.
Вачапоры на шкоду скоры.
(Даслоўна - хто порыць вочы.) -
317
вашанок — маленькая вошынка.
Вашанок у галаве засвярбеў. -
318
вельмаваць — прывячаць, частаваць.
Ой, дзед, ты мой дзед, // А я твая бабка. // Шануй мяне, вяльмуй мяне, // Каб я была гладка. -
319
верасянка — гліна, змешаная з верасам.
Гліну з дробна пасечаным верасам месяць і з гэтага робяць сцены абораў, хлявоў.
(На Ушаччыне бачыў у Двары Пліна.) -
320
вернікі — верныя ў каханні, у дружбе.
Наша дваіх зэкаў на самалёт правяла, такія яны вернікі - да першай падушкі.
На запыт знайшлося 2402 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць