Дэкадэнцтва (дэкаданс; франц. decadence ад лац. decadentia - заняпад), агульная назва крызісных, упадніцкіх з'яў у культуры; плынь у літаратуры і мастацтве канца 19 - пачатку 20 ст., для якой уласцівы апазіцыя да агульнапрынятай «мяшчанскай маралі», культ прыгажосці як самакаштоўнасці, нярэдка паэтызацыя граху і распусты, ірацыянальныя матывы, містычныя настроі, амбівалентныя пачуцці агіды да жыцця і адначасова вытанчанай асалоды ім і да т.п. (французскія паэты Ш.Бадлер, П.Верлен, А.Рэмбо і інш.; расейскія паэты Д.Меражкоўскі, З.Гіпіус, К.Бальмонт, Ф.Салагуб). Рысы Д. выявіліся ў розных мастацкіх кірунках - найперш сімвалізме, імпрэсіянізме. Узнікненне Д. звязана з крушэннем традыцыйных каштоўнасцей культуры, няздольнасцю чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць. Сярод характэрных рыс Д. - настроі ўпадку, безнадзейнасці, дэградацыі і пагібелі, услаўленне свабоды асобы і творчасці, незалежнасць ад рэальнага жыцця і да т.п. Дэкадэнцкія матывы, сюжэты і вобразы ўслед за літаратурай пачалі праяўляцца ў графіцы, жывапісе, скульптуры. Паняцце Д. з'яўляецца адным з цэнтральных у крытыцы культуры Ф.Ніцшэ, які звязваў дэкаданс з узрастаннем ролі інтэлекту і аслабленнем першасных жыццёвых інстынктаў, «волі да ўлады». У Беларусі эстэтыка Д. паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.Малевіч, М.Шагал, Р.Фальк), Я.Драздовіча і інш. У літаратуры праявы дэкадэнцкага светаўспрымання (адчуванне трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, надзвычайны суб'ектывізм, ускладненая, цьмяная сімволіка) характэрны асобным творам М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Гарэцкага, З.Бядулі, А.Гаруна і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць