Кінамастацтва (скарочана - кіно; ад грэч. kineo - рухаюся, рухаю), від мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных ці ўзноўленых сродкамі мультыплікацыі падзей. У К. сінтэзуюцца некаторыя рысы іншых відаў мастацтва - літаратуры, тэатра, музыкі, выяўленчага мастацтва. З'яўляецца важным сродкам фармавання этычных поглядаў, эстэтычных густаў гледачоў. Падзяляецца на мастацкі, дакументальны, навукова-папулярны, мультыплікацыйны (анімацыйны) віды. Асноўныя жанры К. - меладрама, камедыя, баявік, трылер, фільм жахаў, гістарычны фільм, фантастыка, прыгодніцкі фільм і інш. Асноўныя выразныя сродкі ў К. - кінавыява і мантаж. Узнікла як мастацтва «жывой фатаграфіі» (вынаходнікі - браты Люм'ер, 1895, Францыя). У першыя дзесяцігоддзі кіно было «нямым», у якім не было агучвання роляў, а ў якасці гукавога афармлення фільмаў у кінатэатры іграў асобны музыкант або нават невялікі аркестр. У 1927 выйшаў на экраны першы гукавы фільм «Спявак джазу» (ЗША). У сярэдзіне 20 ст. з'явілася магчымасць выпускаць першыя каляровыя фільмы; некалькі пазней узнікла шырокафарматнае і шырокаэкраннае кіно. У другой палове 20 ст. на сусветнае К. аказалі прыкметны ўплыў італьянскі неарэалізм і французская «новая хваля», якая ў даступнай, нярэдка забаўляльнай форме ўвасобіла інтэлектуальныя пошукі чалавека, стварыла новую эстэтыку кіно (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.-Л.Гадар, К.Шаброль). У сярэдзіне 20 ст. ўзнікла т.зв. «аўтарскае кіно», дзе ў параўнанні з калектыўнымі «жанравымі фільмамі» больш выяўлялася аўтарская індывідуальнасць. Яго найбольш яркімі прадстаўнікамі былі італьянскія рэжысёры Ф.Феліні, гішпанскі рэжысёр Л.Бунюэль, шведскі І.Бергман, японскі А.Курасава, расейскі А.Таркоўскі, армянскі С.Параджанаў і інш. Да ліку найбольш вядомых і папулярных кінаакцёраў 20 ст. адносяцца М.Ліндэр, Ч.Чаплін, Б.Кітан, М.Дзітрых, С.Ларэн, Б.Бардо, М.Манро, Р. дэ Ніра, Ж.-П.Бельмандо, А.Дэлон, Д.Нікалсан, Р.Рэдфард, Х.Форд, А.Чэлентана, М.Стрып, Д.Хофман, Ж.Дэпардзье, І.Аджані, С.Марсо і інш. За апошнія дзесяцігоддзі прыкметна павялічылася роля спецэфектаў у стварэнні мастацкіх кінастужак, а таксама ўзрасла колькасць відовішчных высокабюджэтных фільмаў - блокбастэраў. Вядучую ролю ў сусветным кінапрацэсе (па колькасці фільмаў, іх распаўсюджанасці і папулярнасці ў свеце) адыгрывае амерыканская кінаіндустрыя з яе цэнтрам у Галівудзе.

Дэманстрацыя кінафільмаў у Беларусі пачалася ў канцы 19 ст., а ў пачатку 20 ст. дзейнічала ўжо 58 кінатэатраў. У 1928 створана кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь» (спачатку ў Ленінградзе, а з 1939 - у Менску). З 1946 пачала дзейнасць кінастудыя «Беларусьфільм». Даволі плённа беларускае К. развівалася ў пасляваенны перыяд, асабліва на працягу 1960-80-х г. Тады працягвалі працаваць майстры старэйшага пакалення (У.Корш-Саблін, М.Фігуроўскі, А.Файнцымер і інш.), з'явіліся маладыя таленавітыя кінарэжысёры (В.Тураў, М.Пташук, В.Нікіфараў, Б.Сцяпанаў, В.Рыбараў, В.Рубінчык і інш.). Ім удалося стварыць мноства арыгінальных, змястоўных кінастужак, прысвечаных Другой сусветнай вайне, гістарычнага мінулага і сучаснага стану грамадства, маральна-этычным праблемам, («Я родам з дзяцінства» В.Турава, 1967; «Я, Францыск Скарына» Б.Сцяпанава, 1970; «Вянок санетаў» В.Рубінчыка, 1977; «Белыя Росы» І.Дабралюбава, 1984; «Мяне завуць Арлекіна» В.Рыбарава, 1988 і інш. Важным напрамкам развіцця кінамастацтва Беларусі стала экранізацыя вядомых твораў беларускай літаратуры: В.Быкава - «Альпійская балада» (1966; рэж. Б.Сцяпанаў), «Знак бяды» (1986; рэж. М.Пташука); А.Адамовіча - «Вайна пад стрэхамі» (1966; рэж. В.Тураў), «Ідзі і глядзі» (1984; рэж. Э.Клімаў); Івана Мележа - «Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982; рэж. абодвух В.Тураў); У.Караткевіча - «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980; рэж. В.Рубінчык), «Чорны замак Альшанскі» (1983; рэж. М.Пташук) і інш. Пры кінастудыі «Беларусьфільм» створаны творчыя аб'яднанні «Тэлефільм» і «Летапіс», майстэрня мультыплікацыйных фільмаў, а таксама Тэатр-студыя кінаакцёра. Каардынуе творчую і арганізацыйную дзейнасць у галіне айчыннага К. створаны ў 1962 Саюз беларускіх кінематаграфістаў. З пачатку 1990-х г. у Беларусі праводзяцца Міжнародны фестываль постсавецкага кіно «Лістапад» і Міжнародны фестываль жаночага кіно.

Паведаміць пра недакладнасьць