На запыт знайшлося 146 артыкулаў

  1. 41
    вірун — несутрымны, няўрымслівы.
    Малы, як вірун, ні пастаіць, ні пасядзіць, кіпіць увесь.
    (Магчыма, ад паганскага бога віроў.)
  2. 42
    віхліцца — круціцца, скакаць, лашчыцца.
    Сабака віхліцца каля яго, есці хочаць.
    (Ад віхляць хвастом.)
  3. 43
    віхтацца — хістацца.
    Галіны віхтаюцца на ветры, як не паламаюцца. Нага я віхтанулася, я чуць не завалілася.
  4. 44
    віціна, выціна — розга, дубец.
    Віціну выхвачу ды адхварашчу пасярод Вушачы.
  5. 45
    вішнеўнік — вішняк.
    Вішнеўнічак выцыбаўся ўжо.
  6. 46
    вішшо — вецце касатай бярэзіны, якое звычайна ламаюць на венікі да Пятра.
    Пойдзем вішша наламаім, венікаў навяжам.
    (Магчыма, першапачаткова гучэла як віссё, бо вісела.)
  7. 47
    вобалачка — аблачынка.
    Ты, як ціхая вобалачка, плывеш.
  8. 48
    возерка — азярцо.
    І возірка такое кругленькае, як сажалка, яно топкае.
  9. 49
    возка — заезд.
    Дзве возкі зробілі, дык троху сена прывязлі.
  10. 50
    волаць — танюткія, кшталту нітак, костачкі ў рыбнай мякаці.
    Смашная рыбіна, алі волаці многа.
  11. 51
    вонка, вонкі — за дзвярыма, на двары.
    Чаркі трэба, і дзе ён дзеўся вонка?
  12. 52
    ворах — страх.
    Аж у мяне ворах па целу пашоў.
    (Здаецца, што варушацца валосікі на целе.)
  13. 53
    восець — асець, гаспадарчая будыніна.
    Восець пасадзіў на шасткі.
  14. 54
    вотачкая — гэткая маленькая.
    Спешка (бульба) вотачкая, гэта ж большанькая, а ёсь саўсім маленічкая.
  15. 55
    вотліж — адлега.
    Неяк на вотліж не пахожа.
  16. 56
    вотрыны — рэшткі ад прасеенай мукі.
    Бывала, што ў пірог падмешвалі вотрыны.
  17. 57
    вохкала — хто вохкае, скардзіцца.
    Гэта вохкала толькі кволіцца, а пабайнёй не заб'еш.
  18. 58
    вуда — віхлясты; яшчэ — сквапны, які ўсё вывуджвае сабе.
    Што ты, як вуда, убакі ходзіш? Мікіта - добрая вуда, усё сабе грабець.
  19. 59
    вудыр — пухір.
    Кіпенем ашпарыў руку, аж вудыр ускочыў.
  20. 60
    вужок — вужанятка.
    Маленькі вужок-бліскучыя вушкі. Вужка нехта забіў, а вужыца адна асталася.

Паведаміць пра недакладнасьць