На запыт знайшлося 365 артыкулаў

  1. 41
    падляпішча, падляпак — ніжняя сківіца (звычайна, у парсюка).
    Такое ў парсюка падляпішча, аж страшна, таз квашаніны можна наварыць. Пачашы свінні падляпак, хай супакоіцца.
  2. 42
    падмуроўка — падмурак, фундамент.
    Падмуроўка трывала, а так хата даўно б у зямлю пашла.
  3. 43
    падмызнік — падхалім, дагоднік.
    Язык у падмызніка лепі за рамізніка.
  4. 44
    паднадолак — падшыты падол.
    Яна так абнасілася, што паднадолкам падлогу мяцець.
  5. 45
    падножнае — усё, што расце.
    Певінь есь усё падножнае, як індык, непераборлівая жывацінка.
  6. 46
    паднябенне — скляпенне ў печы; яшчэ — нёба ў чалавека.
    Агонь паднябенне ліжаць. Яблык такі горкі, аж паднябенне скрабець.
  7. 47
    падпуззе — падчарэўе.
    Дзеўку ўзяў сабе з Загуззя, у яе чорнае падпуззя.
  8. 48
    падрабяззе — звычайна мужчынскі «струмант» так называюць.
    Схавай сваё падрабяззя, людзі ж кругом.
  9. 49
    падсанкі — ніжняя сківіца; яшчэ — невялічкія сані.
    Ад злосці аж падсанкі падцяў. Як цмыгнуў у падсанкі, дык ён - кулік вобземлю. Што на санях, што на падсанках, глядзіш, і перавязлі ўсю запасіну.
  10. 50
    падсеіваць — сеіцца, імжыць.
    Дождж ідзець, дождж ідзець // І падсеіваіць. // Усякая шантрапа // Ўсё падсмеіваіць.
  11. 51
    падскрэбіш — перапечка з цеста, наскрабанага на дзяжы; яшчэ — апошняе дзіця ў старых бацькоў.
    Хоць падскрэбіш спячы - душу адвесці. Вось табе й вось, у іх падскрэбіш знайшоўся.
  12. 52
    падсмеценне — калі б'юць масла, на дне асядае накшталт смятаны.
    Гэта масла зробілася жоўтая, і падсмеціння німа.
  13. 53
    падсмішка — пакепліванне, кпіна, падколванне.
    Падсмішку яму зробілі, гладка спанталычылі чалавека.
  14. 54
    падстолле — месца пад сталом.
    Стол поўны, і падстолля поўнае.
  15. 55
    падструнаваты — стройны, паджары.
    Ага, падструнаваты, што з-пад жывата ног не відаць.
  16. 56
    падсыкаваць — нацкоўваць, падбухторваць, падбіваць, пад'южваць.
    Што ты яго падсыкаваіш, і так добрая цаца. Так і падсыкаваіць яго, як змяя, каб на мяне зверам глядзеў.
  17. 57
    падумка — задума, думка.
    Навіць і ў падумцы не было нічога.
  18. 58
    падуросткі — падлеткі.
    І падуросткі пачалі нарэшце за розум брацца.
  19. 59
    падхартаны — падцягнуты, стройны.
    Падхартаны мужчына, ня тое што гэты цабэрак.
  20. 60
    падхвоснік — прыхвасцень, падхалім, падпявала.
    Ніколі гаспадаром ня быў, так падхвоснікам усё жыццё й прабегаў. Падхвоснік усім дагодзіць, калі яму выгодзіць.

Паведаміць пра недакладнасьць