Жывапіс, від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай фарбаў, што наносяцца на якую-небудзь паверхню. Займае галоўнае месца ў трыядзе выяўленчых мастацтваў (разам з графікай і скульптурай). Падзяляецца на станковы Ж. (асновай служыць палатно, дошка, кардон і інш.) і манументальны Ж. (творы размяшчаюцца на трывалай архітэктурнай аснове). Сярод жанраў Ж. - партрэт, пейзаж, нацюрморт, гістарычны, міфалагічны, батальны, анімалістычны і інш. Асобымі відамі Ж. з'яўляюцца іканапіс, мініяцюра, дыярама, панарама, а таксама дэкарацыйны Ж. (тэатральныя і кінадэкарацыі). Важнейшыя сродкі выразнасці - кампазіцыя, малюнак і колер (каларыт). Гісторыя Ж. бярэ пачатак ад наскальных роспісаў часоў палеаліту. У Старажытным Эгіпце дасягнуў высокага ўзроўню развіцця манументальны Ж. У антычнасці Ж. вызначаўся пластычнай яснасцю форм, шырокім, свабодным пісьмом, жыццёва дакладным адлюстраваннем прадметаў. Выдатным узорам антычнага станковага Ж. з'яўляюцца фаюмскія партрэты. У Сярэднявеччы ў Эўропе дамінаваў рэлігійны Ж., асноўнымі відамі якога былі фрэска, іканапіс, мініяцюра. У краінах Далёкага Ўсходу (Кітай, Карэя, Японія) паспяхова развіваўся Ж. акварэллю, тушшу і гуашшу на скрутках з шоўку і паперы. У эпоху Адраджэння заходнеэўрапейскі Ж. сцвярджаў гуманістычныя ідэалы і каштоўнасці (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, А.Дзюрэра і інш.). У 17-18 ст. пачалі складвацца нацыянальныя школы Ж. ў Францыі (Н.Пусэн, А.Вато, Ж.Л.Давід), Італіі (М.Караваджа, Дж.Цьепала), Гішпаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Гойя), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант) і інш. Сфармаваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (Ж. барока, Ж. класіцызму, Ж. ракако). У канцы 19 ст. ў барацьбе з традыцыямі позняга класіцызму, акадэмізму і натуралізму склаўся Ж. рамантызму (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа і інш.) і рэалізму (Г.Курбэ, Дж.Канстэбл, К.Каро). Актыўныя пошукі новых выяўленчых сродкаў былі характэрны прадстаўнікам імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. У канцы 19-20 ст. ва ўсім свеце развіццё Ж. стала надзвычай складаным і супярэчлівым: адначасова суіснавалі і ўзаемаўплывалі розныя рэалістычныя і авангардысцкія, мадэрнісцкія плыні (фавізм, футурызм, абстракцыянізм, кубізм, экспрэсіянізм, сюррэалізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў - П.Пікасы, А.Маціса, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Дж.Полака, С.Далі, Р.Гутуза і інш.). З другой паловы 20 ст. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках поп-арта, оп-арта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэалістычным кірунку.

У Беларусі Ж. як самастойны від мастацтва пачаў фармавацца ў 11-12 ст. Развіваўся пад значным уплывам візантыйскага выяўленчага мастацтва (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы і інш.). У 16-18 ст. меў месца росквіт партрэтнага жанру (напр., партрэты князёў, мітрапалітаў і інш.). На працягу 18-19 ст. у беларускім Ж. праявіліся рысы класіцызму, рэалізму, рамантызму (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Патрыятычныя ідэі, сацыяльныя матывы адлюстраваліся ў блізкай да рэалізму творчасці К.Альхімовіча (карціны «На этапе», «Пахаванне Гедзіміна»), Н.Селівановіча («Салдат з хлопчыкам»), Сухадольскага («Бітва пры Грунвальдзе») і інш. У пачатку 20 ст. творчасць М.Шагала і К.Малевіча паклала пачатак мастацтву авангарда ў Віцебску. Традыцыі нацыянальнай гісторыі і культуры знайшлі адлюстраванне ў творчасці Я.Драздовіча, М.Філіповіча, П.Сергіевіча, М.Сеўрука і інш. На працягу 1950-1980-х г. галоўную тэматычную лінію беларускага Ж. складала асэнсаванне сутнасці і наступстваў былой вайны (партызанскі цыкл і серыя «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага, «3 ліпеня 1944 года» В.Волкава, «Абаронцы Берасцейскай крэпасці» І.Ахрэмчыка, «Партызаны ў разведцы» Я.Ціхановіча і інш.). З 1960-х г. у Ж. пераважалі абагульненасць форм, сімвалічнасць і манументальнасць вобразаў, т.зв. «суровы стыль» (творы Савіцкага, У.Стальмашонка, Г.Вашчанкі, В.Ткачова і інш.). Важнае месца ў Ж. займала таксама тэма духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі («Кастусь Каліноўскі» А.Гугеля і Р.Кудрэвіч, творы Л.Шчамялёва, А.Марачкіна, Г.Вашчанкі і інш.). У 1970-1990-я г. ў Ж. актывізаваліся творчыя пошукі, эксперыменты мастакоў, пашырыўся абстрактна-асацыятыўны метад, узмацнілася мастацкая экспрэсія (творы А.Ксяндзова, В.Альшэўскага, Ф.Янушкевіча, Р.Заслонава, А.Задорына і інш.), ускладнілся выяўленчая мова манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (працы Савіцкага, А.Кішчанкі і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць