На запыт знайшлося 24 артыкулы

  1. 1
    Ці ажаніцца - ці ўтапіцца. — Прыказвае той, хто няўдала ажаніўся.
  2. 2
    Ці вас поля насеіна? — Гэтак угаварваюць сваіх блізкіх, каб не сварылкя ці ня біліся, бо іх і так ня шмат.
  3. 3
    Ці відзілі вы гэткага? — Калі нейкі дзівак вытварае нейкія вар'яцкія штукі.
  4. 4
    Цігаў воўк, пацягнулі й ваўка. — Аб злачынцы, які крыўдзіў людзей, а нарэшце й сам папаўся.
  5. 5
    Ці даўна тоя было, а ўжо й за ракой ведаюць. — Прыказвае той, навіна аб благіх паводзінах якога шпарка разышлася.
  6. 6
    Ці-ж вочы драць, калі ня хоча браць? — Жартам адказвае дзеўка, якой ніхто ня сватае, калі ў яе пытаюць, чаму яна замуж ня ідзе.
  7. 7
    Ціліпаіцца, як варона на калку. — Прыказваюць таму, хто сядзіць, дрэме й галавой цяліпае.
  8. 8
    Ціляты язык адажвалі. — Прыказваюць на дзяцей, якія ад сораму ці пагневаўшыся, ня хочуць гаварыць.
  9. 9
    Ці мне гэта піршыня? — Прыказвае той, каму не давяраюць выконваць нейкай работы ці справы.
  10. 10
    Ці мой грош шчарбаты? — Кажа той, у каго ня хочуць браць грошы на аплату выдаткаў пры супольнай пачостцы.
  11. 11
    Ці ня мышы з вас носяць. — Жартуюць з падлеткаў, калі яны часта есьці просяць.
  12. 12
    Ці плач, ці галасі, дык рады ні дасі. — Аб безнадзейнай справе.
  13. 13
    Ці саву аб пень - саве ліха, ці пнём саве - саве ліха. — Прыказваюць, каб сказаць, што спосаб катаваньня ці забойства ня робе розьніцы для таго, каго катуюць ці забіваюць.
  14. 14
    Ці сьвет зышоў клінам? — Адказвае той, каму адмовілі ў сяброўстве.
  15. 15
    Ціт, Ціт, ідзі малаціць! - Жывот баліць! - Ціт, Ціт, ідзі есьці! - А дзе-ж мая вялікая лыжка? — Жарт. Прыказваюць хітраму гультаю.
  16. 16
    Ці ты зубы замаўляіш, ці мяне за дурня маіш? — Пытаньне таму, хто вядзе хітрую гутарку, каб ашукаць.
  17. 17
    Ці ты кпіш, ці дарогі пытаіш? — Калі нехта пачынае хітрую й двузначную гутарку.
  18. 18
    Ці ў калгас, ці ў Катлас. — Гаварылі ў 1930-1931 гадох сяляне, калі іх заганялі ў калгасы, бо ў Котласе загінеш раптам, а ў калгасе будзеш гінуць паволі.
  19. 19
    Ці ў мяне коз воз ці дзяцей загарадка? — Гэтак жартуе самотны гуляка, калі яму напамінаюць, што ён неашчадна жыве.
  20. 20
    Ціхая вада грэблю рыя. — Калі спакойны, ціхі чалавек вялікія справы пачынае рабіць, добрыя або благія.

Паведаміць пра недакладнасьць