-
1
На адно кусаіла тры сірбаілы. — Жарт пры ядзе:
1. Прыказваюць, калі пры пільнай рабоце нехапае часу пад'есьці.
2. Калі пры ядзе нехапае хлеба й даводзіцца стравай намагаць. -
2
На адным месцы й камінь абрастая. — Прыказвае той, хто добра абжыўся на адным месцы, а яго супроць ягонай волі перасяляюць у месца іншае.
-
3
На адным тыдні сем пятніц. — У каго бязупынны пост.
-
4
На барышы, што хочыш брашы. —
1. Калі пры сватаньні ці з боку дзяцюка, ці з боку дзеўкі ставяць нейкія ўмовы ці робяць засьцярогі.
2. Калі пры куплі жывёлы нехта пытае, ці тая жывёла мае нейкую ганьбу. -
5
На благоя доўга вучыць ня трэба. — Скардзяцца бацькі, калі дзеці ці падлеткі на вуліцы навучацца благіх словаў.
-
6
На Бога надзейся, алі й сам старайся. — Прыказваюць гультаю, які наракае на Бога за сваю беднасьць.
-
7
На бок грыбок - баравік едзя. — Жартуюць, калі ганарысты чалавек праходзе.
-
8
Набраўся, як жаба гразі. — Гавораць на таго, хто сілу страціў ад гарэлкі ды ў бруд укачаўся.
-
9
Набрахала на свой хвост. — Калі нехта праз свой язык сябе выдасьць. Паходзе з казкі аб лісіцы, калі яна брахала на свой хвост ды наклікала на сябе сабак.
-
10
На воўка памоўка, а мядзьведзь ціха вядзець. — Калі воўк нападзе на статак, дык пастушкі крычаць ды гоняцца за ім. Каровы ці коні ціснуцца тады ў кучу, адбіваюцца, бароняцца. Калі-ж нападае мядзьведзь, дык пастушкі ўцякаюць ды хаваюцца, а коні ці каровы разьбягаюцца ў розныя бакі. Мядзьведзь тады бярз сваю ахвяру й спакойна нясе яе ў лес. Прыказваюць да гэтага, што калі невялікі злачынца пакрыўдзе людзей, абкрадае ці паб'е, дык яго лаюць ды прыцягваюць да судовай адказнасьці. Калі-ж вялікі злачынец абрабуе міліёны да апошняга куска хлеба ды таксама міліёны нявінных закатуе на сьмерць, дык здавалася-б, што паважныя людзі будуць ставіцца з агідай да гэткага ліхадзея. Яны-ж, тымчасам, паціскаюць яму акрываўленыя рукі, высьцілаюць дарагімі кілімамі сьцежку ды прыймаюць, як роўнага сабе гасьця.
-
11
Навучыўся на пень брахаць. — Кажуць, калі пачуюць, як нейкі падлетак навучыцца брыдотныя словы гаварыць.
-
12
На галодны зуб добра й гэта. — Калі беднаму нейкі, хоць і несамавіты дабытак дастанецца. Паходзе ад казкі аб лісіцы, што гэтак казала, калі знайшла жука.
-
13
Нагамі накрыцца. — Калі моцна піргнуць чалавека назад, дык пры паданьні ягоныя ногі зь імпэту лягуць на жывот. Прыказваюць, калі пагражаюць, што піргнуць. «Калі піргну, дык ты аж нагамі накрыешея».
-
14
На гнеў ня рублін хлеў. — Жартуюць зь дзяцей, калі яны гневаюцца ды есьці ня ідуць.
-
15
На год, шмат прыгод, а на вяку, німа ліку. — Прыгоды ў жыцьці - натуральная зьява, дык імі ня варта пераймацца.
-
16
Нагрэтага куточка шкода пакідаць. — Прыказвае той, хто на адным месцы абжыўся, а яму суляць пераяжджаць на іншае месца.
-
17
На гэтым зубы зьеў. — Хто на адным занятку ўсё жыцьцё правёў.
-
18
На гэтым сьвеця, як у карэця: едзіш, калышышся, пакуль ня вывірнішся. — Прыказвае той, каму зрадзіла шчасьце.
-
19
Надзеў бабскі андарак. — Хто пашоў на жончыну гаспадарку ў прымы (быццам дзеўка), пашоў замуж.
-
20
Надзьмуўся, як мыш на крупы. — Прыказваюць на таго, хто пагневаўся.
На запыт знайшлося 238 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць