На запыт знайшлося 238 артыкулаў

  1. 41
    На пахілага чалавека й сабакі горы брэшуць. — На пакрыўджанага жыцьцём і натоўп нападае.
  2. 42
    На пахілае дрэва й козы скачуць. — На слабога чалавека навет і слабыя злачынцы нападаюць.
  3. 43
    На печы добрыя рэчы. — Жартуе той, хто грэецца на печы.
  4. 44
    Нарэдчас. — Кажуць, калі нешта адбываецца вельмі рэдка, выпадкова.
  5. 45
    На сваей лаўца й памерці добра. — Бо сумленьне будзе чыстае, што не нарабіў заміну чужым людзям.
  6. 46
    На сваім хлебя жывеш, калі хочыш, тады й еш. — Выгадней харчавацца дома, у сваей хаце, бо калі захочацца есьці, дык заўсёды хлеб і ежа пад рукамі.
  7. 47
    На сваіх дваіх. — Прыказвае той, хто прышоў пехатой.
  8. 48
    Насілу ў хату ўваліўся. — Калі нехта зь вялікімі цяжкасьцямі прыйдзе да хаты.
  9. 49
    Нас ня поля насеіна. — Калі між блізкіх сваякоў ці сяброў пачынаецца нязгода. Гэтым напамінаецца, што іх мала, а затое яны мусяць жыць у згодзе й дапамагаць адзін аднаму.
  10. 50
    На суд ідуць - абодва хвалюцца. А з суду ідуць - адзін хваліцца. — Калі на суд ідуць - кажны спадзяецца выйграць справу. Ідучы з суду, толькі той хваліцца, хто выграў.
  11. 51
    Насьсяру! — Лаянка з апошніх слоў.
  12. 52
    Насьсяру багачу: я ўжо свой сноп калачу. — Кажа жняя, калі нажне першы сноп.
  13. 53
    На табе нябожа, што мне нягожа. — Калі нехта дора ці аддае другому, што сабе ня трэба ды яно ня мае ніякай вартасьці.
  14. 54
    Натрапіў злы на паганага. — Калі ў спрэчку ўступаюць два ліхія, што адзін аднаму ня ўступаюць.
  15. 55
    Наўзьвей вецір. — Калі ідуць нечага шукаць, ня ведаючы, дзе яно ёсьць, а вось мо' дзе натрапіцца выпадкова.
  16. 56
    На ўраджай ні зважай, а жыта сей. — Прыказваюць сяляне, калі прыйдзе пара сеяць.
  17. 57
    На хаценьня ёсьць цярпеньня. — Адказваюць таму, хто свой праступак паясьняе тым, што яму гэтага захацелася.
  18. 58
    На ціхага Бог нанясе, а рэзвы сам набяжыць.
    1. Калі спакойнаму здарыцца нейкае няшчасьце.
    2. Калі рэзвы трапіць у нейкае няшчасьце.
  19. 59
    На чужую павару ні настаўляй вару.
    1. Калі няма чаго сыпаць у гаршчок, дык ня варта й вару заварваць. Прыказваюць таму, хто ня мае грошы, а рыхтуецца вялікія закупы рабіць ці закладаць прадпрыемства, спадзяючыся на грошы чужыя.
    2. Калі няма адпаведнай снасьці, дык не пачынай пэўнай работы. (Павара - прылада гнуць абручы. Калі пад рукамі няма павары, дык ня грэй вады распарваць матар'ял на абручы).
  20. 60
    На чыім вазку еду, таму й песьню пяю. — Хто зь нейчай ласкі жыве, таму й дагаджае.

Паведаміць пра недакладнасьць