На запыт знайшлося 238 артыкулаў

  1. 101
    Ні кайся рана ўстаўшы й замалада ажаніўшыся. — Усё тое добра, што ў сваім часе робіцца.
  2. 102
    Ні кала, ні двара. — Кажуць на таго, хто ня мае нярухомай маемасьці.
  3. 103
    Ні капай на другога ямы, бо сам у яе ўвалішся. — Калі хто рыхтуе загубу для іншых, гэткую-ж загубу прырыхтуюць і яму.
  4. 104
    Ні карміўшы буракамі, ні пасылаць за быкамі. — Калі не прычыніўся да забясьпечаньня існаваньня нейкае асобы, ня маеш права й выкарыстоўваць яе для свае карысьці.
  5. 105
    Ні кладзі пальцаў у дзьверы, бо прыціснуць. — Ня лезь у відавочную небясьпеку, бо будзеш мець вялікую няпрыемнасьць.
  6. 106
    Ніколі ня спозьнішся аддаць стары доўг і памерці. — Прыказваюць, калі аддаюць стары доўг.
  7. 107
    Ніколі ня спозьнішся памерці й пайсьці ў калгас. — Гэтак прыказвалі сяляне, калі іх у 1930-1931 гадох заганялі ў калгасы.

    - Чаму ты, Мордух, ня ідзеш у калгас?
    - Пайду, пайду! Будзе парой.
    - Глядзіш, каб ні было позна! (пагроза, што вышлюць у Котлас).
    - Памёрці й пайсьці ў калгас ніколі ні спазьнішся.

  8. 108
    Нікому роту ні завяжыш. — Прыказвае той, якога няпраўдай зьнеслаўляюць.
  9. 109
    Ні красна хата вугламі, а красна пірагамі. — Гаспадарка й гаспадар славяцца ня прыгожым выглядам, але сваей гасьціннасьцяй.
  10. 110
    Ні крычы, алі наўчы. — Ня крыкам і лаянкай трэба вучыць таго, хто недаўмее нечага, але добрым словам.
  11. 111
    Ні к сялу, ні к гораду. — Калі нехта нешта скажа не да ладу.
  12. 112
    Ні куецца ды плешчыцца. — Калі няма ладу ў рабоце або калі ў жыцьці ня ладзіцца.
  13. 113
    Нік! - як сучка ў жбан. — Прыказваюць таму, хто заглядае туды, дзе яму няма патрэбы заглядаць.
  14. 114
    Ні ладу, ні складу. — Аб ламакаватым работніку, у рабоце якога няма парадку.
  15. 115
    Німа горшай балесьці, як калі хочыцца есьці. — Прыказвае той, хто шмат і часта галадаў.
  16. 116
    Німа за што рук зацяць. — Прыказвае той, у каго ў гаспадарцы прапала рабочая жывёліна, ці той, хто пазбыўся працы.
  17. 117
    Ні май сто коп, а май сто сяброў. — Сто добрых сяброў хутчэй выратуюць чалавека ад бяды, чымся сто коп грошаў. Сто коп даўней была вялікая сума грошаў.
  18. 118
    Ні май хворага за памёрлага, а палага за прапалага. — Як хворы можа паправіцца, гэтак падупалы на маемасьці можа разжыцца, а падупалы на благіх налогах можа іх пазбыцца.
  19. 119
    Ні май чалавека за поўчалавека. — Прыказваюць таму, хто паніжае ў чалавеку людзкую годнасьць.
  20. 120
    Ні маніся ды Богу маліся. — Заўважаюць таму, хто занадта самапэўны ў сваіх будучых удачах.

Паведаміць пра недакладнасьць