На запыт знайшлося 15 артыкулаў

  1. 1
    Бога хвалі, алі й чорта ні гняві. — Калі рабіць дабро добраму, дык ад яго можна спадзявацца яшчэ больш дабра. Але калі без патрэбы наклікаць на сябе гнеў благога чалавека, дык ён можа шмат пашкодзіць.
  2. 2
    Бог віздя, хто каго крыўдзя. — Прыказваюць пакрыўджаныя.
  3. 3
    Бог даў, Бог і ўзяў. — Гэтак разважаюць бацькі, калі дзіця памерла. Гэтак суцяшаюць і гаспадара, калі жывёла здохла.
  4. 4
    Бог душу сапсаваў: як у пень усадзіў. — Прыказваюць на дурнога ці недарэчнага.
  5. 5
    Бог звідзя чый баран, а чый певень. — Прыказвае пакрыўджаны, каб напомніць Богу, што ягоная шчырэйшая ахвяра. Прыказка паходзе ад казкі: Багаты прынёс у бажніцу Богу на ахвяру пеўня, а бедны прывёў барана. Калі трэба было здаваць ахвяры, дык багаты адабраў у беднага барана ды здаў на аўтар, а беднаму кінуў пеўня. Бедны, калі клаў на аўтар пэўня, выгукнуў: «Бог зьвідзя чый баран, а чый певень».
  6. 6
    Бог і лесу ні зраўняў. — Прыказваюць да таго, што людзі розныя: ёсьць прыгожыя й брыдкія, высокія й малыя, добрыя й благія, бедныя й багатыя.
  7. 7
    Бог маўчон, алі лучон. — Бог церпялівы, не адразу карае за праступкі й не адразу мілуе за заслугі, але судзіць справядліва.
  8. 8
    Бог ні гуляя ды людзей раўняя. — Адны бяднеюць, а другія багацеюць, і гэта ўсё робіцца з волі Бога.
  9. 9
    Бог ні ціля - пазная круціля. — Круцяля ўсюды лёгка пазнаць.
  10. 10
    Бог ня роўна дзеля. — Бог адным дае болей, а другім меней і дзеля гэтага ёсьць людзі разумныя й дурныя, шчасьлівыя й нешчасьлівыя, бедныя й багатыя.
  11. 11
    Бог ня слухая, што свіньня рухая. — Прыказваюць, калі чуюць, як благі чалавек, клянучы, просе ў Бога ліха або пагібелі на іншага.
  12. 12
    Бог сваю пуньку адчыніў. — Прыказваюць, калі посьля цяжкой зімы стала цёпла, і статак пайшоў на сьвежую траву.
  13. 13
    Божа памажы, а ты, гультай, ні ляжы. — Прыказваюць гультаю, каб не чакаў на Божую дапамогу, але каб сам браўся за работу.
  14. 14
    Болі заходу як работы. — Кажуць, калі болей часу страчана на падрыхтоўку да работы, як на самую работу.
  15. 15
    Болі слухай, а мені гавары. — Гэтак напамінаюць дзецям і падлеткам, каб не мяшаліся ў размову старэйшых.

Паведаміць пра недакладнасьць