На запыт знайшлося 573 артыкулы

  1. 381
    антоплі, антофлі мн. Пантофлі, дамашнія туфлі.
    Мне гэтыя антоплі вялікія. Зачарэўе Міёр. Антофлі новыя купіла. Езярышча Гар.
  2. 382
    анучнік м. Палавік пры ўваходзе ў хату, пакой.
    Я толька што чыстыі анучнікі пасцяліла. Лужкі Шарк.
  3. 383
    анцыюд м., груб. Чалавек, паводзіны і ўчынкі якога супярэчаць агульнапрынятым у грамадстве.
    Зноў гэты анцыюд прыйшоў. Даўгаполле Гар. Не чалавек, а нейкі анцыюд, над людзьмі толькі здзікаўся. Быцава Беш. Вырасціла анцыюда на сваю галаву. Верамееўка Гар.
  4. 384
    анэгды, анэгдэсь гл. анегды
  5. 385
    анягож, аняж часц.
    1. пыт. Няўжо.
    Анягож сядзець з вамі буду? Замасточча Віц. Анягож аж з Віцебску прыехалі? Папшулі Міёр., Замошша Сен., Угрынкі Уш., Савуткі Шарк.
    2. сцвярдж. Вядома, а як жа.
    «Ці бачыла ты сына?» - «Анягож». Заполле Беш. «Ці пойдзеш заўтра да брыгадзіра?» - «Аняж. Пайду». Куціна, Сураўні Шум., Навасёлкі Віц., Чарневічы Глыб., Малы Поўсвіж, Новыя Валосавічы Леп., Куціна Шум., Груздава Паст., Царкавішча Уш.
  6. 386
    апад м., зб., ападкі, ападнікі, ападышы мн. Ападкі; плады, што апалі з дрэва ад ветру, непагоды.
    Ападу насушыла ўжо мех. Слабада Шум., Высачаны Лёзн. Трэба пайсці сабраць ападкі, а то згніюць. Куты Докш. Ападнікаў наваліла ў садку. Бычыншчына Міёр. Толькі і паспявай ападнікі збіраць. Крыпулі Докш. Столька ападышаў пад дзеравам, нада насушыць. Ветрына Пол. Ідзі, дзетачка, насабірай ападышаў пад яблыняй, яны салодкія. Іскра В.-Дзв. Схадзі пад яблыну, сабяры ападышы карове. Андрэеўшчына Арш., Быцава, Дразды Беш., Ахрэмаўцы, Далёкія, Завер'е Брасл., Жыгалава Віц., Баравыя, Зазер'е, Кудзіны, Ткачы Гар., Бортнікі, Залессе, Зябкі, Папшычы, Шэпелева Глыб., Верамееўшчына Дубр., Куляшы, Курмялёўка Леп., Клетаў Двор, Язна Міёр., Камаі Паст., Крупяжына Сен., Слабада, Янкавічы Рас., Дроздава, Воўкавічы Тал., Шасцярні Уш., Новая Зара Чаш., Альхоўцы, Васюкі, Жданы, Лужкі Шарк., Сураўні Шум.
    Параўн. апокушы
  7. 387
    апазніцца зак. Спазніцца.
    Калі палучыцца, пастараюся не апазніцца. Якубова Рас.
  8. 388
    апантаўшыся дзеепрысл. Шумна, гарэзліва, узрушана.
    Дзеці насіліся апантаўшыся. Дворышча Рас.
  9. 389
    апароць зак. Натрапіць, знайсці.
    Апароў у сябе новыя нажніцы, думаў, што паціраў. Мікалаёва Міёр. Во, ужо недзе апарола матчыну кохту. Папкі Міёр.
    Параўн. апынкаць, апышкаць
  10. 390
    апарыш м. Лічынка мухі.
    А я на апарыша плотвіцы лаўляў. Белая Ліпа Сен.
  11. 391
    апашань м. Шырокі доўгі кафтан з кароткімі рукавамі.
    Бяры, бацька, апашань, ні памішае ў дарозе. Шыліна Шум.
  12. 392
    апашкі мн., с.-г., абрад. Свята заканчэння веснавой сяўбы.
    Заўтра апашкі справім. Лескавічы Шум.
  13. 393
    апаяс м. Пояс, паясніца.
    У штанах у гэных няма апаяса, падвяжыся шнурком. Луцік Чаш.
  14. 394
    апаяска ж. Паясок.
    Дзе ж мая апаяска чорная? Бычыха Гар. Ці дасі ты мне апаяску? Касары, Кугоні Уш., Высачаны Лёзн.
  15. 395
    апечка ж. Апечак.
    У нас апечка дзіраўляная. Ясева Міёр.
  16. 396
    апівайла, апівоша аг., апівош м. П'яніца.
    Мой дзядзька такі апівайла. Груздава Паст. У маёй сястры мужык апівоша, нідзе ня робіць. Лазы Тал. Гэтый апівош зноў грошы пазычаў. Нурава В.-Дзв. Ай, ён тожа добры апівош. Гарадзец Шарк.
  17. 397
    апінянка ж. Вялікая хустка, якой абкрываюцца ў халоднае надвор'е.
    Вазьмі хоць ба апінянку, а ну як холадна? Гарбацэвічы Арш.
  18. 398
    аплік м. Гаплік.
    Зашпілі кофту на аплік. Паташня Міёр., Каты Шарк.
  19. 399
    аплэвух, аплэвуш м., груб., зневаж. Неразумны, дурны чалавек; аболтус.
    Не вядзі сябе як аплэвух. Камайск Докш. Ён і малы быў нейкі аплэвуш, і цяпер такі самы. Быцава Беш.
    Параўн. абалдуй, абалдуін, асялок
  20. 400
    аплюшка ж., іран. Аплявуха.
    Ад мужыка нізашто заработала аплюшку. Замошша Брасл.

Паведаміць пра недакладнасьць