На запыт знайшлося 56 артыкулаў

  1. 41
    Мне ад гэтага ні холадна, ні цёпла. — Прыказвае той, каму абыякава справа, аб чым ідзе гутарка.
  2. 42
    Мне, бабачка, патрэбін ня твой воск, алі зыск. — Словы гандляра, які купляў воск. Прыказваюць доктару, адвакату, гандляру, калі хочуць сказаць, што іх цікавіць не сама справа, якую выконваюць, а прыбытак ад яе.
  3. 43
    Многа вады ў мора ўплыве, пакуль гэта будзя. — Калі нехта будуе на далёкую будучыню вялікія, але няжыцьцёвыя пляны.
  4. 44
    Можа табе даць пячонай рэдзькі? — Жартуюць гэтак з таго, хто ня можа падабраць сабе ежы ды кажа, што яму ўсё нясмачна.
  5. 45
    Можна пажывіцца, алі цяжка даступіцца. — Дзе можна-б было нешта добрае дастаць, дык за канкурэнтамі не даступішся.
  6. 46
    Мора нап'ецца й бірагам застанецца. — Прыказваюць тады, калі нехта наракае, што багатыя забіраюць сабе ўсё багацьце, а бедным нічога не застаецца. Калі ў мора ўплыве болей вады, чымся яно можа стоўпіць, дык гэтая вада расплываецца й на берагі. Калі багатыя зьбяруць болей багацьця, чымся яны могуць спажыць, дык часьць багацьця расплывецца ад іх і да іншых.
  7. 47
    Мужык, дык мужык, алі Ганулін, а ня твой. — Прыказвае селянін, калі яго лаюць мужыком, бо толькі той мужчына мужык, хто мае жонку.
  8. 48
    Мужык прастак - німа хлеба, есьць праснак. — Прыказваюць аб бедным, які сабе нешта прыдумае, каб зьесьці.
  9. 49
    Мужыку па жонца, як бабя па йголца. — Гэтак прыказваюць таму мужыку, які не шкадуе й не шануе жонкі. Калі баба згубе іголку, дык купе другую. Калі ў мужыка памрэ жонка, дык ён другую возьме.
  10. 50
    Мы з табой, як рыбка з вадой: я на дно, а ты ў гаўно. — Гаворыцца пра ахлысьціка абсьмяяку, які праяўляў сваю дружбу, каб абсьмяяць, зьняважыць сваю ахвяру.
  11. 51
    Мы ні дзіля таго жывём, каб есьці, а дзіля таго ядзім, каб жыць. — Чалавек павінен жыць для нейкай высокай ідэі, а есьці мусе для таго, каб падтрымліваць жыцьцё.
  12. 52
    Мысьлі за марамі, а сьмерць за плячыма. — Жыцьцё чалавека не залежа ад ягонай волі.
  13. 53
    Мядзьведзь прасіўся падвязьці адну лапку, а як паставіў, дык і саначкі паламаў. — Прыказваюць, калі слабы пачне дапамагаць дужаму, дык пры гэтым і сам загіне.
  14. 54
    Мякка сьцеля, алі мулка спаць. — Прыказваюць чалавеку, які ў вочы прыдобрываецца, а за вочы вялікія крыўды робе.
  15. 55
    Мяне хоць і ваўком называй, алі што дня па барану давай. — Прыказвае матар'ялісты, які не клапоціцца аб добрым імяні, абы толькі матар'яльна быў забясьпечаны.
  16. 56
    Мятліца - хлебу памачніца, а званец - хлебу канец. — Заўвага старых земляробаў. Зь мятліцы шмат мякіны, дык будзе вялікая куча нявеянага жыта. Званец-жа ахварбоўвае хлеб у цёмна-сіні колер.
123

Паведаміць пра недакладнасьць