-
21
Ня зьведаўшы броду, ня сунься ў воду. — Папярэджаньне, каб быць асьцярожным і прадбачлівым. Прыказваюць, калі нехта па сваёй неразважлівасьці апынуўся ў прыкрым і сьмяхотным палажэньні.
-
22
Ня йдзі да'гню біз палена, бо адарве чорт калена. — Так жартуюць з таго пастушка, што ляніцца прынесьці дроў на агонь.
-
23
Ня мела баба клопату, дык купіла парася. — Аб тым, хто па сваей неразважлівасьці ды за свае грошы нажыў вялікі клопат.
-
24
Ня мыўся - ляніў. Памыўся - хвасьліў. — Аб благіх людзях, якім цяжіка дагадзіць, і якія абы за што знайдуць прычыну прычапіцца.
-
25
Ня мы хлебам зямлю кормім, а зімля нас. — Прыказвае гаспадар сваім дзецям, каб яны ня сеялі густа збожжа.
-
26
Ня мы хлеб носім, алі хлеб нас. — Прыказваюць тыя падарожныя, што за плячыма хлеб у дарозе носяць.
-
27
Ня пі, ня еш, і з хаты ня лезь. — Аб тым, які ў благое надвор'е выбіраецца ў дарогу.
-
28
Ня плюй у стары калодзісь, бо можа прыдзецца калі зь яго вады напіцца. — Аб тым, хто зьневажае свайго былога дабрадзея, бо можа ізноў прыдзецца да яго зьвярнуцца ў бядзе.
-
29
Ня руш бабіных ігруш. — Жарт: не чапай таго, што да цябе не належа.
-
30
Нясі, Божа, ніжанатага ды багатага. — Жарт. Гэтак прыказваюць дзеўкі, калі нехта позна стукае ў дзьверы, бо можа гэта ідуць сваты.
-
31
Ня слепа карова, што на страсе салома. — Аб нярупным гаспадару, які ня прывядзе да парадку хатніх рэчаў: не намеле мукі, не наробе круп, не насячэ дроў, а кажа: «Вун усё ёсьць, а толькі прыгатуй ды звары».
-
32
Ня сучка брэша, а карытца. — Просты сэнс: Калі сучку будзеш добра карміць, дык яна будзе добра брахаць. Сучкай завуць і чалавека, які за магарыч гатоў ачарніць, збэсьціць, зьняважыць нявіннага чалавека. Прыказваюць, калі гэткі падкуплены чалавек за добрае «карытца» добра брэша за свайго гаспадара.
-
33
Ня сьлепа бяло, што ў вадзе было. — Жартаўлівы адказ прачкі, калі ёй заўважаюць, што бялізна ня бела памыта.
-
34
Ня сьмейся брудзя, бо й табе будзя. — Ня можна сьмяяцца над няшчасьцем чалавека, бо й самому можа тое самае стацца.
-
35
Ня сьпіцца ваўку пад сялом. — Аб тым, каму ў нейкім месцы трывожна.
-
36
Ня той чарвяк, што мы зьядзім, а той чарвяк, што нас зьесьць. — Жартуюць старыя, калі ім дзеці напамінаюць, каб хаця чарвівых грыбоў у ежу не наклалі.
-
37
Ня толькі дурань вала губляя. — Калі й у разумнага здарыцца няшчасная прыгода ці памылка.
-
38
Ня тут казана. — Прыказваюць перад апавяданьнем жахлівага выпадку: «Ня тут казана, там у лесе на дарозе разбойнікі чалавека забілі».
-
39
Ня ўвесь той сьвет, што ў вакне. — Ня толькі тое ёсьць на сьвеце, што перад намі. Далей, магчыма, ёсьць цікавейшыя й прыгажэйшыя рэчы. Прыказваюць, калі некаму пры сватаньні адмовіць дзеўка ці калі ня купіцца тую рэч ці жывёліну, якую таргуецца.
-
40
Няўмеку рукі ні баляць. — Гэтак дакараюць таму, які недаўмее рабіць нейкае работы й яму даводзіцца перарабляць яе колькі разоў.
На запыт знайшлося 49 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць