На запыт знайшлося 50 артыкулаў

  1. 21
    Лепі свае лапці, як чужыя боты. — Свае лапці ахаваюць ногі ад сьцюжы, а чужыя боты, хоць і прыгожыя, але не сагрэюць.
  2. 22
    Лепі сваё благоя, як чужоя добрая. — Свая, хоць і благая гаспадарка, але дае сякую-такую карысьць, а чужая добрая - ніякой.
  3. 23
    Лепі сібраваць з жыдам галапятым, як з панам багатым. — Гэтак прыказвае селянін, калі пан не аддае доўгу, які цяжка ад яго й высудзіць.
  4. 24
    Лепі служыць манарху, як нейкаму парху. — Гэтак прыказвалі сяляне посьля бальшавіцкага перавароту, калі іх ганялі ў вабоз.
  5. 25
    Лепі старожа, як варожа. — Прыказка дбайнага селяніна аб тым, што лепей страціць час на вартаваньне сваей гаспадаркі, чымся спадзявацца на шчасьце ды дапусьціцца, каб зладзеі абакралі.
  6. 26
    Лепі сьміяцца, як плакаць. — Прыказвае той, каго лаюць за сьмех.
  7. 27
    Лепі ўваліся ў карыта - ніхай цябе сьвіньня зьядуць. — Прыказваюць таму, якога ўвачавідкі ашукваюць, зьневажаюць, высьмейваюць, а ён папускаецца ды маўчыць.
  8. 28
    Лета зьбірая, а зіма прайідая. — Летам зарыхтоўваецца жыўнасьць, а зімой зьядаецца.
  9. 29
    Лета працуе на зіму, а зіма на лета. — Летам прыгатаўляюць харчы для зімы, а зімой снасьць для летняй працы.
  10. 30
    Лета сварлівая, а зіма журлівая. — Летам сварацца з суседзямі за зробленую жывёлай шкоду, а зімой сядзяць у хатах і журацца на сьцюжу, на недахопы.
  11. 31
    Леташнія жарты. — Прыказвае вінны пры нараджэньні непатрэбнага дзіцяці.
  12. 32
    Леў, як хлеў! - сказаў чалавек. - Каб ты лепі мне тапаром сікануў, чымся хлевам назваў, - сказаў леў. — Прыказвае той, каго празываюць прыложаным благім імям.
  13. 33
    Лён далежа шоўку. — Практыка старых жанчын аб тым, што чым даўжэй будзе лён ляжаць, тым лепей будзе ён прасьціся, але трэба яго кажны год пачасваць.
  14. 34
    Лёстачкамі дух выня. — Прыказваюць, калі нехта ласкай і прыдобрываньнем спэкулюе на сумленьні даверлівага, каб яго ашукаць.
  15. 35
    Лёстачкі падпуская. — Прыказваюць, калі нехта пачынае прыдобрывацца, каб нешта сабе выманіць.
  16. 36
    Ліжачага ня б'юць. — Упакоранага ня можна караць.
  17. 37
    Лік вялік, алі карысьці мала. — Прыказвае гаспадар, калі зьбярэ чаго-небудзь з поля й шмат, але дрэннай якасьці.
  18. 38
    Лісіца жука на леташнім вогнішчы пікла й казала: «Сьпёкся, падсох, аж трашчыць!» — З казкі аб лісіцы. Прыказваюць, калі нехта хвале сваю благую ежу ці работу.
  19. 39
    Лісіца пад барану ад дажджу хавалася й казала: «А ўсё-ж ні кожная капка капня!» — З казкі аб лісіцы. Лісіца ад сабак пад барану хавалася, а казала, што ад дажджу. Калі нехта робе паважныя захады, але, каб ня выдаць сакрэту, паясьняе свой паступак малаважнай прычынай.
  20. 40
    Лобам дзьверы адчыніць. — Прыказваюць таму, каго з хаты выганяюць.

Паведаміць пра недакладнасьць