На запыт знайшлося 114 артыкулаў

  1. 1
    Абадранцы пусьціліся ў танцы. — У простым сэньсе гэтак прыказваюць тым, што ў непрызваітым выглядзе выступаюць перад людзьмі. Гэтак-жа прыказваюць людзям, якія бяруцца за справу, да якое непадрыхтаваныя няздольныя.
  2. 2
    Аб воўку памоўка, а воўк тут. — Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца.
  3. 3
    Абедаў, абедаў, а жывот ня ведаў.
    1. Гэтымі словамі гаспадары перапрашаюць гасьця ці робяць яму вымову, што ён хоць доўга сядзеў за сталом пры ядзе, а страва ўся цэлая.
    2. Гэтымі словамі работнік наракае гаспадара, калі ён хоць і доўга сядзеў за сталом пры абедзе, але галодны, бо ежа была або няпрыгодная, або яе было мала.
  4. 4
    Абіваць парогі. — Часта да некага хадзіць і надакучаць гаспадару.
  5. 5
    Абіцаная шапка на вушы ня лезя. — Гэтак упікаюць таму, які шмат абяцаў за аказаную дапамогу, але нічога ня даў.
  6. 6
    Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць.
    1. Гэтак высьмейваюць паслухмянага-наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца.
    2. Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі.
  7. 7
    Аблізаў таўкач. — Гэтак высьмейваюць таго дзяцюка, які езьдзіў да дзеўкі ў сваты, ды дзеўка адмовілася выйсьці за яго замуж.
  8. 8
    Або едзь, або на бок зварачавай. — Кажуць да таго, хто работы ня робе й не адмаўляецца ад яе.
  9. 9
    Або іграй, або грошы аддай. — Гэткія патрабаваньні ставяць да таго, хто ўзяў наперад плату, ды ня хоча выконваць умоўленай работы.
  10. 10
    Або пан, або прапаў. — Гэтак прыказвае той, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну. Калі чын удасца, дык будзе ў павазе, славе й багацьці: будзе панам, а калі ня ўдасца, дык загіне, прападзе.
  11. 11
    Або сена клок, або вілкамі ў бок. — Тут у простым сэньсе гаворыцца аб быку. Гэтак прыказваюць таму, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну малой выгранкай.
  12. 12
    Абоя - рабоя. — Гэтымі словамі робяць параўнаньне, калі абое роўныя, адзін варты другога.
  13. 13
    А братачка мой, зьела сучка лой. — Жартаўлівая гульня словаў. Гэтак прыказваюць, каб перабіць пустую гутарку.
  14. 14
    Аб свайго гаварыць - галава баліць. — Гэтак наракае той, хто мае блізкіх з радні людзей, якія дрэнна сябе паводзяць і гэтым зьнеслаўляюць усю радню.
  15. 15
    Абсьліненая ваўком авечка ў лес бяжыць. — Былі такія назіраньні, што калі воўк злове авечку ды нясе ў лес і зь перапуду кіне яе ды ўцякае, дык яна не варочаецца да стада, але па сваей авечай дурноце бяжыць у лес за ваўком. Гэтак прыказваюць тады, калі нехта збаламучаны сваім ворагам-злачынцам, ідзе за ім на сваю пэўную загубу. Гэтак кажуць і аб тых, што ідуць навосьлеп за ворагамі-чужынцамі на сваю нацыянальную загубу.
  16. 16
    Абуў у лапці. — Прыказваюць, калі нехта моцна ашукаў.
  17. 17
    Абхадзіў туркі-баркі й воўча балотца. — Прыказвае той, хто шмат хадзіў, нечага шукаючы ці прапытваючы.
  18. 18
    Абы біда, а грашы будуць. — Гэтак прыказваюць, калі неўспадзеўкі на беднага чалавека звалілася бяда й патрэбныя грошы, бо ён або нешта патрэбнае прадасьць, або пазыча, але грошы дабудзе.
  19. 19
    Абы біда, а шыя будзя. — Прыказваюць, калі навальваецца бяда на грамаду, бо яна калі не аднаго, дык другога прыдуша. Прыклады: Калі воўк нападзе на вясковыя авечкі, дык нейкую авечку панясе. Або, калі з Райкому прыйдзе загад: «Даць з кажнага калгасу па сям'і для высылкі на Далёкі Ўсход» - дык тую ці іншую сям'ю зь вёскі хопяць.
  20. 20
    Абы была галава на карку. — Прыказваюць таму, калі нехта бядуе, што таго ці іншага нехапае, бо калі будзе галава на карку, дык з часам усё набудзе.

Паведаміць пра недакладнасьць