На запыт знайшлося 132 артыкулы

  1. 1
    Да асеці! Да асеці! - Ды куды Бог панясеці! — Прыказвае той, у каго пытаюць, куды ён ідзе, а ён ня хоча сказаць праўды. Прыказка пайшла ад казкі аб цыгану: Цыган наняўся ў селяніна касіць, але ён сказаў што баіцца зыгу й дзеля гэтага папрасіў у селяніна кажух зь сярмягай і надзеў іх. Калі сонца стала падаграваць ды авадні пачалі лётаць каля цыгана, дык цыган пачаў тупаць ды кружка бегаць. Тады селянін яму крычыць: «Да асеці! Да асеці!» - гэта значыць: бяжы ў восець, бо там халадок. Цыган-жа яму на гэта адказвае: «Ды куды Бог панясеці!» - задраў на галаву кажух зь сярмягай і пабег у лес, і больш да селяніна не вярнуўся. З цыганом разам прапалі й кажух зь сярмягай.
  2. 2
    Дабрадзеям наздароўя. Ліхадзеям бізгалоўя. — Пажаданьні ўсім людзям паводле таго, як яны ставяцца да нас.
  3. 3
    Давялося чарвяку на вяку. — Высьмейваюць таго, каму здарылася пабываць далей ад месца свайго сталага прабываньня, ды калі ён, вярнуўшыся, апавядае свае мала цікавыя прыгоды, як нешта асабліва важнае.
  4. 4
    Давяроная праўда. — Прыказваюць, калі хочуць упэўніць, што гэта праўда, якая не падлягае сумліву.
  5. 5
    Да гатовай калоды добра й агонь класьці. — Прыказваюць, калі нехта пры пэўных запасах гаспадарку заводзе.
  6. 6
    Дагледзіў на паповы сані. — Калі нехта некага так блага даглядаў ці лячыў, што той памёр.
  7. 7
    Дае, ды з рук ні пуская. — Калі нехта нешта абяцае даць, але доўгі час адкладае.
  8. 8
    Дажыліся кулікі, што ні хлеба, ні мукі. — Аб тых, што абяднелі ды ня маюць чаго есьці.
  9. 9
    Дажыліся палякі, што ні хлеба ні табакі. — Аб тых, што зжыліся, згалелі.
  10. 10
    Дай Божа гасьця, а гаспадар каля яго пажывіцца. — Прыказвае гаспадар, бо пры гасьцях і сам чарку вып'е ды лепшай ежы зьесьць.
  11. 11
    Дай Божа, каб пілося, елася й болі хацелася. — Гэтак жартуюць гаспадары, калі частуюць гасьцей.
  12. 12
    Дай Божа налета болі за гэта. — Прыказвае гаспадар, калі зьбірае апошняе збожжа з току на абмалотках.
  13. 13
    Дай Божа першым кусочкам удавіцца. — Пажаданьне мужчыны, каб з аднэй першай жонкай веку дажыць.
  14. 14
    Дай, Божа, сваё спажыць, а на чужое не разівацца. — Пажаданьне сумленных людзей.
  15. 15
    Дай Божа тую зьвярыну, што ходзя дзьвярыма. — Лепей есьці мяса з свойскай, выгадаванай на гаспадарцы, жывёлы, чымся зь дзікай, забітай на паляваньні зьвярыны.
  16. 16
    Дай Божа ў добры час сказаць, а ў благі памаўчаць. — Прыказвалі сяляне, каб засьцерагчыся ад урокаў, бо верылі, што сам сваё можа ўрачы, калі скажа пад нядобры час. Прыказвалі гэтак і калі хвалілі сваю жывёлу ці збожжа.
  17. 17
    Дай Божа ўсё ўмець, але ня ўсё рабіць. — Добра разьбірацца ў розных работах, але рабіць іх толькі пры вялікіх няшчасьцях, калі сям'я пахварэе ці павымірае.
  18. 18
    Дай Божа хрысьціянскую сыць. — Гэтак даўней прыказвалі старыя перад ядой, калі сядалі за стол. Гэтак старыя напаміналі дзецям і падлеткам, калі тыя прагавіта хапалі ды елі.
  19. 19
    Дай Божа чутая відзіць. — Прыказваюць, калі пачуюць добрую, хоць і мала праўдападобную навіну.
  20. 20
    Дай, Божа, яму свой занятак. — Зычуць таму, хто прычыніўся да разладу чужой сям'і, або цешыцца з чужой бяды.

Паведаміць пра недакладнасьць