На запыт знайшлося 132 артыкулы

  1. 81
    Дзісятая вада на кісялі. — Прыказваюць гэтак аб далёкім сваяцтве, калі яно часам ставіцца за перашкоду жанімства. Ваду на кісялі мяняюць гэткім парадкам: змолаты авёс разам з пасеямі намочваюць вадой. Праз 5-3 гадзін цэдзяць усё праз рэшата. Пасеі, што засталіся на рэшаце, выціскаюць рукамі ды ізноў намочваюць, а праз колькі гадзін ізноў працэджваюць ды выціскаюць. І калі гэтыя пасеі перамыюць гэтак разоў зь дзесяць, дык дзесятая вада будзе чыстая й зусім непадобная да першага цэду.
  2. 82
    Дзісятуха-сакатуха. Сакоча або мяцеліца каля вуглоў, або вада каля платоў. — Дзісятуха - дзесяты тыдзень па Калядах. Старадаўная сялянская прыкмета, што гэтым часам могуць быць і зімовыя завеі, і веснавыя паводкі.
  3. 83
    Дзіця трэба год качаць як яечка й пяць гадоў пасьціць, як авечку. — Аб пільнай, адданай працы маткі пры ўзгадаваньні дзіцяці.
  4. 84
    Дзядзька ні бацька, а цётка ні матка. — Блізкія й найлепшыя сваякі ня могуць дзіцяці замяніць бацькі й маткі.
  5. 85
    Дзяды вадзіць. — Гэтак прыказваюць, калі сваякі, суседзі й прыяцелі балююць па чарзе то ў ваднаго, то ў другога.
  6. 86
    Дзяды ня мелі бяды, а ўнукі набраліся мукі. — Прыказка бадай-што гістарычная, з думкаю, што калі край быў вольны, дык дзяды жылі безь бяды, а ўнукі пад чужынцамі мучыліся і мучацца.
  7. 87
    Дзякуй Богу, што мышы пагарэлі. — Прыказваюць, калі ў каго пры вялікім убытку здарыцца задаваленьне. Паходзе ад казкі-анэкдоту: У жыда апрача крамы ў мястэчку, была ў вёсцы сельская гаспадарка. Калі ў яго малацьба зацягвалася, дык мышы пераядалі снапы, што ня было чаго й малаціць. Мышы былі ягоныя страшныя ворагі. Калі яму паведамілі, што ў вёсцы ягонае гумно згарэла, дык ён пытае: «А дзе мышы дзеліся? - Згарэлі й мышы», - адказаў пасланец. Жыд з задаваленьнем заўважыў: «Дзякуй Богу што хоць мышы пагарэлі».
  8. 88
    Дзякуй! - Выбачай! - Алі болі ні дакучай! — Прыказваюць, калі частуюць няпрошаных, ці нямілых гасьцей. Госьць дзякуе за пачостку, гаспадар для ветлівасьці перапрашае «Выбачай!», але ў думках дадае: «Алі болі ні дакучай!».
  9. 89
    Дзякуй за абед, што наеўся дармаед. — Жартам прыказвае гэтак госьць, калі дзякуе гаспадару за абед.
  10. 90
    Дзякуй за полудзінь: ні сыт, ні голадзін. — Гэтак, жартуючы, прыказвае гаспадар, калі госьць дзякуе за пачостку, а разам і перапрашае, што скромна частаваў.
  11. 91
    Дзякуям ні адбыць - трэба заплаціць.
    1. Прыказвае госьць і гэтым нібы запрашае гаспадароў даведацца да яго на пачостку.
    2. Гэтак прыказвае гаспадар публічнага харчаваньня, калі знаёмы наведальнік хоча адбыць самым «дзякуям» за абед.
  12. 92
    Дзяржы галаву ў холадзя, бруха ў голадзя, а ногі ў цяпле. — Напамін пра клопаты аб здароўі.
  13. 93
    Дзяры лазу, калі дзярэцца. — Работу трэба рабіць тады, калі на яе адпаведны час.
  14. 94
    Дзяры лазу - я цябе зьвяжу. — Калі дэспатычны загад мае яўную мэту горш яшчэ паняволіць яго выканаўцаў. Гэта тое самае, што й каваць для самога сябе кайданы.
  15. 95
    Дзярэцца - на новая спадзяецца. — Калі адзежына пачынае дзерціся, дык гэта знак, што трэба парупіцца пра новую.
  16. 96
    Дзяціны хлеб горак. — Прыказваюць старыя бацькі, якіх часам крыўдзяць іхныя дзеці.
  17. 97
    Добраму чалавечку добра й у запечку, а благой благаце брыдка й на куце. — Заслужаны й паважаны чалавек свае павагі й славы ня траце й на другарадным месцы.
  18. 98
    Добра рабіў, але гаўном завяршыў. — Работа добра зробленая, але дрэнна закончаная.
  19. 99
    Добра той казаў. — Прымаўка, якую часта ўжываюць перад удалым выказам ці прыказкай.
  20. 100
    Добра ў людзях, алі цяжка ў грудзях.
    1. Аб тым, што хоць і добра часам жыць у чужым краі між чужых людзей у выгодзе, але ў грудзях баліць з нуды па родным краі.
    2. Прыказваюць гэтак, калі на заработках добра зарабляецца, але ад цяжкой працы баляць грудзі.
    3. Гэтак прыказвае нявестка, калі пайшла замуж у добрую хату, але ей там цяжка жыць, бо трэба кажнаму дагаджаць і за крыўду змаўчаць.

Паведаміць пра недакладнасьць