На запыт знайшлося 136 артыкулаў

  1. 21
    Сваей цаной не прадасі й ня купіш.
    1. Пры гандлі часам трэба рабіць уступкі.
    2. У кожнай спрэчнай справе, каб зусім не праіграць, трэба рабіць уступкі.
  2. 22
    Сваё гаўно нікому не сьмярдзіць. — Нікога ня турбуюць свае агідныя паводзіны.
  3. 23
    Сваім адумам. — Самавольна. «Марыля сваім адумам пашла жыта зажынаць».
  4. 24
    Свайго нішчасьця ні абойдзіш, ні аб'едзіш. — Доля наканаваная, няшчасьця не абмінеш.
  5. 25
    Свайго ня меўшы, трэба спаць легчы ня еўшы. — На пару не дастанеш, калі свайго няма.
  6. 26
    Свайго розуму нікому ні прыставіш. — Кажуць таму, хто дамагаўся ўгаварыць упартага.
  7. 27
    Свату першая чарка й першая палка.
    1. Пры сватаньні, на запоінах сват першы п'е да маладой.
    2. На вясельлі сват гаспадар - да яго п'юць першую чарку. Калі на вясельлі п'яныя дзяцюкі завархоляцца, а сват стане разбараньваць, дык і першую палку пападзе.
  8. 28
    Свая воля дае долю. — Лёс чалавека залежыць ад яго самога, як ён пра сваю будучыню дбае.
  9. 29
    Свая сарочка бліжэй к целу. — Калі нехта наракае, што хто-небудзь лепей аб сабе ці аб сваіх сваякох клапоціцца.
  10. 30
    Свая сірмяжка нікому ні цяжка. — Клопаты аб самым сабе й сваіх рэчах нікому не дакучаюць.
  11. 31
    Свая хатка, як родная матка. — Аб дзіцяці ніхто іншы гэтак не клапоціцца й не дагаджае, як родная матка. Нідзе чалавек ня чуецца так вольна, як у сваёй хаце.
  12. 32
    Свой біся, сячыся, а чужы ні мішайся. — Ня трэба ўмешвацца ў звадку ці бойку чужой сям'і. Свае пасварацца, паб'юцца, ды скора й паяднаюцца, а чужому будзе сорамна да іх паказвацца.
  13. 33
    Свой квас дзяцей паеў. — Аб тым, хто сам вінен свайму няшчасьцю. З казкі: У ваўчыньніка паўміралі дзеці, дык ён зьвярнуўся да знахара, каб той угадаў, хто навёў чары на ягоных дзяцей. Знахар ведаў, што аўчыньнік паіў сваіх дзяцей тым квасам, у якім моклі аўчынкі, дык ён і сказаў: «Свой квас дзяцей паеў».
  14. 34
    Сем год нявестка была й ня ведала, што сучка біз хваста. — Аб тым, хто доўга на адным месцы жыве й ня ведае тутэйшых парадкаў.
  15. 35
    Сем жыдоў ня воз, абы конь павёз. — Жартам прыказваюць, калі на адзін воз насядзе шмат людзей.
  16. 36
    Сем мужоў ды ўсе біз нажоў. — Калі нейдзе шмат людзей, але ніводзін не адказвае патрэбе.
  17. 37
    Сем пол наперад. - А я ў тры штукі і туды штыкі. — (Штыкі - ісьці кульгаючы.) Даўна нашы жанчыны шылі спадніцы ня ў цотны лік полак (у тры, пяць, сем...), каб з самага пераду спадніцы была скрасенная полка, каб з самага пераду ня было рубца. Самыя багацейшыя дзеўкі шылі спадніцы з сямі полак, а бедныя з трох. На ігрышчы багатыя займалі пярэдняе месца, а бедныя ззаду. Вось багатая дзеўка, калі ішла на йгрышча, патрабавала, каб яе прапусыцілі наперад, бо ў яе спадніца ў сем полак. А бедная дзяўчына выказалася, што ейная спадніца ў тры полкі, а яна йдзе на тое самае йгрышча, а можа яе першую запросяць у танец.
  18. 38
    Сем раз адмер, а раз адрэж. — Кажную справу перш трэба добра праверыць, а потым прыводзіць яе ў выкананьне.
  19. 39
    Сеўшы між вароны, трэба грагаць як і воны. — Трэба прыстасоўвацца да звычаяў і парадкаў асяродзьдзя, у якое трапілася.
  20. 40
    Сёньня ні свята, а заўтра ня будні дзень. — З гэтымі словамі бацькі прыганялі дзяцей да працы перад сьвяточным днём.

Паведаміць пра недакладнасьць