-
81
Старой бабца хораша й у шапца. — Даўней старыя беларускія жанчыны насілі каптуры - «шапкі». Старыя людзі хвасьлівых убораў не патрабуюць.
-
82
Старой бабя й на печы ўхаба. — Калі нехта бяз важнай прыгоды бяду нажыве.
-
83
Старому маніць, а багатаму красьці. — Няма каму аспрэчыць, калі стары маніць, бо ніхто ня помне таго часу, аб якім стары апавядае. Ніхто не павера, што багаты ўкраў, бо ў яго ўсяго шмат свайго.
-
84
Староя хвалі ды за плот валі. Маладоя гудзь ды набудзь. — Выказваюцца аб старым працоўным статку. Жартам гэтак выказваецца й аб старых людзях. Гудзіць - ганіць.
-
85
Старцу сяло ні наклад. — Аб тым, хто на малым прыбытку ня спыняецца.
-
86
Стары вол баразны ня псуя. — Водклік аб старым фахоўцы, які мае багатую жыцьцёвую практыку й добра выканае сваю работу.
-
87
Стары з мусту, а бізь яго пуста. — Калі ў хаце ёсьць старая людзіна. Хоць яна да працы й няздольная, але нейкую карысьць дае. Сэнс прыказкі: Старога карміць хлебам нібы й мус (з мусу), але ён карысны, бо хаты даглядае, у якой безь яго пуста.
-
88
Стары як малы. — На старога, калі ён у чым памыліцца.
-
89
Стаць дубам. — Калі конь станавіцца на заднія ногі.
-
90
Стаць дубка. — Калі сабака станавіцца на заднія лапы.
-
91
Стаць натарца. — Калі нехта напружваецца ды гатовіцца да змаганьня.
-
92
Стаць рагача. — Калі нехта становіцца на галаве, а ногі трымае ўгору.
-
93
Стаячаму лапаць падшывая. — Калі нейкі вырванец увачавідкі ашуквае.
-
94
Сто коп (збожжа) - на год хлеба, і капа - на год хлеба. — Ці гаспадар нажне сто коп, ці адну капу, - усёроўна хлеба мусе хапіць на ўвесь год.
-
95
Стол хлеба ні паесьць. — Кажа гаспадар, калі госьці яму заўважаць, што зашмат хлеба накроіў. Гэтым нібы кажацца, што хлеб накроены не для стала, а для гасьцей, каб госьці не падумалі, што гаспадар скупы.
-
96
Стоць галавой. — Галавой проста ўніз.
-
97
Сто чартоў гэткага ліха ні наробюць, як адна п'яная баба. — Калі п'яная жанчына лаецца ці няпрыстойныя песьні пяе.
-
98
Стрыжэ вушамі. — Калі нехта пільна прыслухоўваецца.
-
99
Стыд закрыт, а сораму ня відаць. — Правуюцца бессаромныя людзі, калі іх упікаюць за няпрыстойныя словы ці чыны.
-
100
Стыд ня дым - у вочы ня лезя. — Высьмейваюць таго, на каго сорам ня дзеіць.
На запыт знайшлося 136 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць