-
1
Вольнаму воля, а шалёнаму поля. — Прыказваюць, каб разрозьніць запраўдную волю ад шаленства злачынцаў, якія злачынства называюць воляю. Сваё шаленства чалавек павінен праяўляць у полі, а не між людзей.
-
2
Вось вам і сьпіткі і зьедкі. — Прыказвае гаспадыня, калі прыносе ў хату апошнія запасы харчоў - апошняе масла, сала, бульбу ці іншае.
-
3
Вось вядзець - негдзе дзець, вось біда біз хліва. — Прыказваюць, калі ў некага багацьце прыбывае, а яго няма дзе прыхінуць.
-
4
Вось і гавары з кабылай паціры: ты «Войча наш», а йіна: «Сена німаш». — Прыказваюць, калі двох ня могуць дамовіцца: адзін пачынае гутарку аб ідэях, а другі перабівае яго штодзёншчынай.
-
5
Вось табе й на! — Кажуць, калі пачуюць няпрыемную жахлівую навіну.
-
6
Вось хамут ваш і дуга, і я вам болі ні слуга. — Прыказвае парабак, калі без пары пакідае гаспадара.
-
7
Воўк, воўк! Ідзі казлы драць. — Прыказваюць, калі нейкі манюка пачынае бяз сораму расхвальваць сябе гэтак, што ад гэткай гутаркі згадзіла-б ваўка, які мусіў-бы казлы драць (ванітаваць).
-
8
Воўк да лесу цягня. — Прыказваюць аб дзікаватым чалавеку, які ўхіляецца лучыцца да грамады.
-
9
Воўк дзе плодзіцца, там ні бярэ. — Аб хітрых зладзеях і іншых злачынцах, якія там ня шкодзяць, дзе жывуць.
-
10
Воўк і лічаная бярэ. — Прыказваюць аб прапышным злодзеі-бандыце, які бярэ апошняе й у беднага, і ў багатага.
-
11
Воўк пасланцамі ні карысін. — Прыказваюць аб зладзеях і бандытах.
-
12
Воўк сабакі ні баіцца, алі зьвягі ні любя. — Аб высокіх урадоўцах-хабарніках, якім ня страшна, што людзі аб іх злачынствах гавораць, але для якіх гэткая гутарка дакучлівая.
-
13
Воўна далежа гоўна. — Калі воўна доўга паляжыць няпрадзеная, дык яе моль зьесьць.
-
14
Воўча доля расьце скора. — Ёсьць такое вераньне, што калі маладая жывёліна скора расьце, дык яе воўк зьесьць. Прыказваюць, калі прыгожая дзяўчына-падлетак хутка расьце, бо яе хутка замуж возьмуць.
-
15
Вочы - ямы. — Гэтак як-бы спагадаюць зайздрываму, бо зайздрасьць быццам залежа не ад самога чалавека, а ягоных вачэй.
На запыт знайшлося 15 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць