-
1
Ведаў Бог, што ні даў сьвіньні рог. — Каб благі й злосны чалавек меў сілу ды волю, дык чыніў-бы вялікую шкоду.
-
2
Век аздобы ў вянку ні знасіць. — Прыказвае той, каму робяць закіды, што ён не прыбіраецца.
-
3
Век веку падасьць. — Прыказваецца, калі рэч ці прылада моцна зробленая.
-
4
Век жыві, век вучыся, а дурным памрэш. — Колькі-б чалавек ні жыў, колькі-б ні вучыўся, усіх мудрасьцяў сьвету не дасягне.
-
5
Век зжыць - ня мех сшыць. — Прыказвае, хто шмат чаго перажыў.
-
6
Век чыста ні пірахадзіць, ласкава ні піражыць і смачна ні піраесьці. — Прыказваюць тыя, каму ўськідаюць, што ён ня чыста адзяецца, ці не заўсёды ласкавы, або дрэнна харчуецца.
-
7
Ветрам падшыт. — Прыказваюць на авантурніка-падшыванца.
-
8
Ветрам прышоў, ветрам пашоў. — Аб тым, хто наляціць як віхор, наробіць нейкай крутні ці бяды ды ізноў панясецца.
-
9
Вецір у галаве ходзя. — Аб чалавеку з частымі зьменамі ў паглядах або зь дзівоснымі паглядамі.
-
10
Вечны пакой сьцервя такой. — Прыказваюць, калі памрэ шкодны ці амаральны чалавек.
На запыт знайшлося 10 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць