-
61
Зная ён толькі з носу кап! ды ў рот хап! — Калі блазан-падлетак умешваецца ў гутарку старэйшых ды пачынае іх вучыць.
-
62
Золата й у гразі блішчыць. — Прыказваюць таму, хто хваліцца, што ён добры грамадзкі дзеяч, усім дапамагае, але наракае, што грамада яго не зразумела ды не ацаніла ягоных вартасьцяў, а навет абкідала балотам.
-
63
З сваім толькі піць ды есьці, а ні справы вадзіць. — Бо водзячы справы, можна й да звадкі дайсьці.
-
64
З сынам сварыся ды на печ бярыся. Зь зяцем сварыся ды за парог цягніся. — Гэтак прыказвае старая цешча.
-
65
З трох сёл па сабаку. — Калі людзі з розных мясьцін ды з рознымі паглядамі, дык яны ніколі да згоды ня дойдуць.
-
66
З чужога каня й у гразі сьсідаюць. — Прыказваюць, калі спаганяюць пазычаную рэч, хоць яна й патрэбная таму, хто яе пазычыў.
-
67
З чужых сьлёз ніхто ні разжыўся. — Гэтак выказваюць супроць таго, хто выкарыстоўвае крыўду іншых для свайго дабрабыту.
-
68
Зьбіраіцца, як папоўна замуж. — Прыказваюць, калі нехта некуды доўга зьбіраецца, але справа застаецца нявыкананай.
-
69
Зь вялікага груку малы дождж бывая. — Прыказваюць, калі шумлівая справа нічым канчаецца.
-
70
Зь вялікага ня высыпіцца. — Прыказваюць старэйшыя, калі дзеці наракаюць, што ім у вялікую місу налілі есьці, ці далі надзець вялікую адзежыну.
-
71
Зьеў сучку, дык еж і скурку. — Прыказваюць грамадзкаму службоўцу, які любе браць зь сялян магарыч пачастункам. Прыказка паходзе з часоў прыгону: Войт вымагаў зь сялян пачастунку. Адзін селянін зарэзаў авечку, варыў кажны дзень мяса, ставіў кварту гарэлкі ды частаваў войта. Калі ня стала мяса, дык ён зарэзаў сучку і частаваў войта мясам сучкі. А калі й суччына мяса кончылася, а войт усё вымагаў пачастунку, тады селянін паставіў кварту гарэлкі, кінуў на стол суччыну скурку, дый кажа: «Зьеў сучку, дык еж і скурку».
-
72
Зь ім піва ні наварыш. — Прыказваюць на таго, зь кім немагчыма ніякай справы павесьці або немагчыма дайсьці да згоды.
-
73
Зь кім пазнаішся, гэткім і сам станішся. — Добрае й благое пераймаецца ад асяродзьдзя.
-
74
Зьміцір хіцір, алі й Саўка ні дурны. — Прыказваюць аб тым, хто ня даўся, каб хітры яго ашукаў.
-
75
Зь нізабітага ліса шубы ня шыюць. — Прыказваюць таму, хто марыць аб вялікіх плянах, ці пабудовах, ня маючы на гэта матар'яльных магчымасьцяў.
-
76
Зь песьні слова ні выкідаюць. — Прыказвае той, у каго ў гутарцы пры грамадзе трапілася няпрыстойнае слова.
-
77
Зь печы, з полу, проша да столу. — Гэтак на бяседзе, жартуючы, запрашаюць гасьцей сядаць за стол.
-
78
Зь сябе дыхая. — Кажуць, калі хворы часта дыхае.
-
79
Зь яды ні забагацііш, а толькі апузацііш. — Гэтак жартуюць з таго, хто мае ахвоту шмат зьесьці.
-
80
Зяя, зяя дый блісь! — Гэтак жартуюць, калі дзяўчына выкручваецца перад люстэркам.
На запыт знайшлося 80 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць