-
1301
Пытаецца люты, ці добра абуты. — Бо ў лютым месяцы бываюць вялікія маразы й ногі мерзнуць.
-
1302
Пытаіцца вата, ці далёка хата, а кажушок дзяржыць душок. — Прыказваюць сяляне, калі высьмейваюць адзетак пашыты на ваце.
-
1303
П'янаму й мора па калена. — Высьмейваньне адвагі п'янага.
-
1304
П'янаму й чорт з дарогі саступае. — Папярэджаньне, каб з п'яным не спрачацца.
-
1305
П'янаму й чорт з дарогі саступая. — Лепей абыходзіць п'янага ды ня ўступаць зь ім у спрэчкі.
-
1306
П'яніцы і капля дорага. — Прыказвае бедны гаспадар, калі зьбіраючы з поля збожжа, не пакідае й аднаго каласка.
-
1307
П'яніцы й капля дарага. — Прыказвае бедны, калі дзеля нястачы ня дасьць загінуць на полі й аднаму каласку ці бульбіне.
-
1308
П'яны прасьпіцца, а дурань ніколі. — Хоць дрэнна жыць з п'яніцай, але з дурнем яшчэ горай. [Дрэнна жыць з п'яніцай, а з дурнем горай.]
-
1309
Пярэ як у дошку. — Калі нехта бязупынку кашляе.
-
1310
Пярэ, як у дошку. — Калі нехта бязупынна кашляе.
-
1311
Пятая праз дзясятая. — Калі нехта пры рабоце ці рахунку сьпяшаецца й робе хібы.
-
1312
Пятая празь дзісятая. — Калі нехта пры рабоце сьпяшаецца й робе вялікія хібы.
-
1313
Рабі нябожа, дык і Бог дапаможа. — Прыказваюць таму, хто скардзіцца на свой лёс, што ён ня можа пабагацець.
-
1314
Рабіці ні прыбіці. — Аб тым падлетку, што ня хоча прывучацца да ніякай работы.
-
1315
Работа дурня любя. — Аб такім работніку, які працуе шчыра, але не дамагаецца належнай платы за сваю працу.
-
1316
Работа ня воўк, у лес ні ўцячэ. — Прыказвае гультай, што выкручваецца ад работы.
-
1317
Работы аж да суботы. — Жартуюць з таго, хто хваліцца, што шмат мае работы.
-
1318
Рада-б душа ў рай, ды грахі ні пускаюць. — Прыказвае той, хто хацеў-бы нечага дасягнуць, але ня мае магчымасьці.
-
1319
Радзі, Божа, з бочкі паўбочкі. — Жартуюць пры дрэннай уродзе ці благіх заработках.
-
1320
Радня да паўдня, а як сонца зайдзя, дык і чорт яе знайдзя. — Прыказвае стары, якога радня пакінула. Радня толькі тады прызнаецца, калі чалавек малады, здаровы ды багаты. Людзі раўнуюць сваё жыцьцё з днём: раньне - маладосьць, паўдня - сталыя гады, вечар - старасьць.
На запыт знайшлося 1933 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць