-
1381
Свая сарочка бліжэй к целу. — Калі нехта наракае, што хто-небудзь лепей аб сабе ці аб сваіх сваякох клапоціцца.
-
1382
Свая сірмяжка нікому ні цяжка. — Клопаты аб самым сабе й сваіх рэчах нікому не дакучаюць.
-
1383
Свая хатка, як родная матка. — Аб дзіцяці ніхто іншы гэтак не клапоціцца й не дагаджае, як родная матка. Нідзе чалавек ня чуецца так вольна, як у сваёй хаце.
-
1384
Свой біся, сячыся, а чужы ні мішайся. — Ня трэба ўмешвацца ў звадку ці бойку чужой сям'і. Свае пасварацца, паб'юцца, ды скора й паяднаюцца, а чужому будзе сорамна да іх паказвацца.
-
1385
Свой квас дзяцей паеў. — Аб тым, хто сам вінен свайму няшчасьцю. З казкі: У ваўчыньніка паўміралі дзеці, дык ён зьвярнуўся да знахара, каб той угадаў, хто навёў чары на ягоных дзяцей. Знахар ведаў, што аўчыньнік паіў сваіх дзяцей тым квасам, у якім моклі аўчынкі, дык ён і сказаў: «Свой квас дзяцей паеў».
-
1386
Сем год нявестка была й ня ведала, што сучка біз хваста. — Аб тым, хто доўга на адным месцы жыве й ня ведае тутэйшых парадкаў.
-
1387
Сем жыдоў ня воз, абы конь павёз. — Жартам прыказваюць, калі на адзін воз насядзе шмат людзей.
-
1388
Сем мужоў ды ўсе біз нажоў. — Калі нейдзе шмат людзей, але ніводзін не адказвае патрэбе.
-
1389
Сем пол наперад. - А я ў тры штукі і туды штыкі. — (Штыкі - ісьці кульгаючы.) Даўна нашы жанчыны шылі спадніцы ня ў цотны лік полак (у тры, пяць, сем...), каб з самага пераду спадніцы была скрасенная полка, каб з самага пераду ня было рубца. Самыя багацейшыя дзеўкі шылі спадніцы з сямі полак, а бедныя з трох. На ігрышчы багатыя займалі пярэдняе месца, а бедныя ззаду. Вось багатая дзеўка, калі ішла на йгрышча, патрабавала, каб яе прапусыцілі наперад, бо ў яе спадніца ў сем полак. А бедная дзяўчына выказалася, што ейная спадніца ў тры полкі, а яна йдзе на тое самае йгрышча, а можа яе першую запросяць у танец.
-
1390
Сем раз адмер, а раз адрэж. — Кажную справу перш трэба добра праверыць, а потым прыводзіць яе ў выкананьне.
-
1391
Сеўшы між вароны, трэба грагаць як і воны. — Трэба прыстасоўвацца да звычаяў і парадкаў асяродзьдзя, у якое трапілася.
-
1392
Сёньня ні свята, а заўтра ня будні дзень. — З гэтымі словамі бацькі прыганялі дзяцей да працы перад сьвяточным днём.
-
1393
Сёрбай, сёрбай ды ідзі з торбай. — Жарт-заахвочаньне пастушка, каб хутчэй еў ды гнаў статак на пашу.
-
1394
Сілай ня быць мілай. — Прыказваецца, калі нехта хоча сілком убіцца ў сяброўства.
-
1395
Сілай узяць - возьміш, а даць - ні дасі. — Прыказваюць таму, хто адмаўляецца ад падарунку ці ад пачосткі.
-
1396
Сірата - вечная дурата. — Сірату няма каму навучыць і прымусіць да добрых паводзінаў і звычаяў.
-
1397
Сіроцкія сьлёзы дарма ні мінуцца. — Гэтак вайцяюць таму, хто крыўдзе сіротаў.
-
1398
Сістра сястры кляцьбу нося, каб прапала, Бога прося. — Калі дзяўчаты між сабой канкуруюць і навет сястра сястры зыча загубы.
-
1399
Скажы мой мілютачка, ці высака сонца. —
1. Гэтак сяляне высьмейваюць мяшчан, якія ня ўмеюць ар'ентавацца ў часе па сонцы.
2. Гэтак высьмейваюць таго, хто не разумее зусім простай зьявы ды пра яе выпытвае. -
1400
Сказаў казку з прыказкай. — Калі нехта паставіць цяжкія ўмовы.
На запыт знайшлося 1933 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць