-
1641
Хвароба ўзвальваіцца пудамі, а выходзя залатнікамі. — Хвароба надыходзіць раптам, а выходзіць вельмі павольна.
-
1642
Хвіліна, чуй дух. — Высьмейваюць гэтак таго, хто крыкам і пагрозамі хоча застрашыць іншых, каб яго баяліся.
-
1643
Хітра бабка, дый сабе, зьела кашку, дый скрабе. — Калі нехта скарыстаў сабе маемасьць грамадзкага характару ды канцы пахаваў, каб і знаку не засталося.
-
1644
Хлеб кажа да гаспадара: Кінь стрэльбу й вуду, тады з табой буду. — Калі гаспадар не працуе пільна на палявой рабоце, а ходзе із стрэльбай на паляваньні ды з вудай каля ракі, дык ад гэткага гаспадара й хлеб уцякае.
-
1645
Хлеб на стале, а рукі свае. — Гэтак гаспадар запрашае да яды гасьцей, калі страва пастаўленая на стале, а госьці сядзяць, чакаючы на ўпросы.
-
1646
Хлеб, соль еш і праўду рэж. — Прыказваюць да таго, каго хочуць пачастункамі падкупіць. Ад пачосткі ня трэба адмаўляцца, але й ад праўды не адступаць, а гаварыць заўсёды праўду.
-
1647
Хлеб траякі; белы, чорны й ніякі. — Адказ беднага селяніна, калі ў яго пытаюцца, які ён хлеб есьць. Белы хлеб з чыстага, веенага жыта ён есьць на Вялікдзень і Дзяды. Чорны хлеб, з дамешанай мяккінай, бывае часамі. А найчасьцей - хлеб ніякі, гэта значыцца бяз хлеба.
-
1648
Хлеб трэба пакідаць к бабоваму цвэту. — Прыказка бедных сялян, у якіх хлеба на ўвесь год нестае. Боб цьвіціць у пачатку ліпеня, калі стары хлеб канчаецца, а жыта на хлеб новы яшчэ не пасьпела. Тады самы галодны час.
-
1649
Хлопіц на кані едзя, а дзяўчына родзіцца й яму згодзіцца. — Калі хлапец і старэйшы за дзяўчыну, гэта не перашкода для іхнага сужэнства.
-
1650
Ховай Божа! — Кажуць пры адпіраньні, каб надаць павагі сваім словам. - «Ховай Божа! Я там ня быў!»
-
1651
Ходзя духі падцягнуўшы. — Аб худой і запрацаванай жывёле, і аб худым, зайздрывым да работы, чалавеку.
-
1652
Ходзя як на карачах. — Аб тым, у каго балючыя ногі, ды ён ходзе, ня зьгінаючы ног у каленях.
-
1653
Ходзя, як тры дні ня еўшы. — Калі нехта марудна ходзе пры выкананьні свае работы.
-
1654
Хоць ваўком называй, алі на дзень па барану давай. — Прыказка матар'ялістых, што на маральную абразу не зважаюць, а толькі сваю карысьць.
-
1655
Хоць вох, ды ў двох. —
1. Прыказваюць два работнікі - хоць яны абодва ня моцныя, але адзін аднаму будуць памагаць.
2. Прыказвае паджылая дзеўка з думкаю, што лепей выйсьці замуж за старога й слабога ці пакалечанага, чымся дзеўкай старыцца. -
1656
Хоць гаршком называй, алі ў печ ні стаўляй. — Такой бяды паніжэньне маральнае, але ня трэба чыніць крыўды фізычнае.
-
1657
Хоць гол ды восьцір. — Аб тым, хто хоць бедны, ды рызыкант, сьмелы й адважны.
-
1658
Хоць да касьцёла й пайду, алі паціраў ані шэпну. — Прыказвае той, каго некуды гвалтам заганяюць, а шчыра працаваць там ён ня будзе.
-
1659
Хоць жывот нарушу, алі зьесьці мушу. — Гэтак жартуюць пры ядзе, калі страва смачная.
-
1660
Хоць за вала, абы дома ні была. — Аб дзеўцы, якая стараецца выйсьці замуж хоць за каго, абы дзеўкай не старэцца.
На запыт знайшлося 1933 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць