На запыт знайшлося 1933 артыкулы

  1. 1621
    У хаця ёсьць вушак, у хаця бывая ўсяк. — У хаце могуць быць звадкі й сваркі, але наванкі іх выносіць ня трэба.
  2. 1622
    У хлеб уваліўся.
    1. Калі нехта знашоў добрую працу, якой будзе забясьпечаны на доўгія гады.
    2. «У хлеб увалілася» дзеўка, калі выйшла ў добрую й багатую хату замуж.
  3. 1623
    У ціхім балоця чэрці водзюцця. — Кажуць аб ціхім, спакойным з выгляду, чалавеку, які спадцішка робе паклёпы, зводы.
  4. 1624
    Уцячэш, ні ўцячэш, а пабегчы можна. — Прыказвае той, хто ў бядзе ці ў небясьпечных выпадках робе нейкія захады, каб ратавацца.
  5. 1625
    Учора паштавая, а сёньня ні ўставая. — Аб дзяўчыне ці хлопцу, якія ўчора на ігрышчы спраўна насіліся, як паштовыя коні, а сяньня, калі трэба ісьці на працу, дык не ўстаюць.
  6. 1626
    У чужой царкве сьвячэй ні папраўляюць. — Прыказваюць да таго, хто хоча ўмешвацца ў справы чужой сям'і ці чужой грамады.
  7. 1627
    У чужоя шчасьця ня мухай упасьці. — Аб тым, хто нахабна далазе туды, дзе ён непажаданы.
  8. 1628
    У чужую просу ня сунь носу. — Калі нехта пачынае ўмешвацца ў чужую гутарку ці чужыя справы.
  9. 1629
    У чужым баку вочы па кулаку. — У чужым баку трэба пільна прыглядацца да людзей і навакольля.
  10. 1630
    У чужым засьценку, дык і я за дзеўку. — Гэтак жартуюць з малапаважанага ці акіненага чалавека. Калі ён апынецца ў чужым асяродзьдзі, дзе яго ня знаюць, дык там прызнаюць за паважнага чалавека.
  11. 1631
    Ушыўся ў сваю скуру. — Стаў упартым, няўступлівым, не зважае на заўвагі й перасьцярогі.
  12. 1632
    У яго галаве віраб'і начавалі. — Аб пустой, дурной галаве.
  13. 1633
    У яго й зімой сьнегу ні дастаніш. — Аб вельмі скупым.
  14. 1634
    У яго толькі дамкоў, колькі ў зайца ламкоў. — Калі нейкі прайдзісьвет хваліцца сваім багацьцем, дамамі.
  15. 1635
    У яго толькі праўды, колькі ў рэшаця вады. — Аб манюку.
  16. 1636
    Хавай сена да Міколы й ня бойся зімы ніколі. — Пасьля Міколы, 9 травеня, зазімкаў ня бывае й ня трэба статак сенам карміць.
  17. 1637
    Халадно надзеўшы адно. — Адна адзежына, хоць і цёплая, але на вялікім марозе не сагрэе.
  18. 1638
    Хатняя думка ў дарозя ніпрыгодна. — Дарожныя выпадкі й прыгоды могуць зьмяніць тыя пляны, што зробленыя дома.
  19. 1639
    Хату мяці, алі на вуліцу сьміцьця ні нясі. — Калі ў хаце трэба навесьці лад і парадак, дык часамі даводзіцца й пасварыцца, але ніколі хатняй сваркі ня можна выносіць на вуліцу, каб людзі аб гэтым гаварылі.
  20. 1640
    Хвароба ні дадае аздобы. — Па выглядзе твару можна заўважыць, што чалавек хворы.

Паведаміць пра недакладнасьць