-
1581
У мяне зь ім чысты дабрыдзінь. — Прыказвае той, у каго дачыненьні зь кім-небудзь не сплямленыя. Ён сьмела можа яму сказаць «Дабрыдзінь».
-
1582
Унадзіўся, як сьвіньня ў рэпу. — Калі нехта стаў часта заходзіць да каго-небудзь, хоць яго там і недалюбліваюць.
-
1583
У нас усё ні дзякуй Богу. — Кажа той, у каго дрэнна паводзіцца.
-
1584
У нашай Польшчы кожны хоча быць большы. — Калі нехта хоча грамадзе накінуць свае пагляды. Прыказка бадай што яшчэ з часоў Рэчыпаспалітае.
-
1585
У нашым куці вясельля чуці - торбачка зь мяшэчкам жаніціся будзя. — Прыказваюць, калі пачуюць нязвычайна сьмешную навіну.
-
1586
Унучка, унучка, змані манючка, абы было гладка, дам табе авечачку й ягнятка. — Жарт, гульня словаў. Прыказваюць дзецям, дзеці-ж любяць перагаварваць гэткія жарты.
-
1587
У няўмекі рукі калекі. — Аб тым, хто робе ня ўмеючы й псуе матар'ял.
-
1588
У пана ласка да парога. — Хто хутка забываецца зробленае яму дабро, а калі другі раз крыху не дагадзіў, дык злуецца.
-
1589
У пастушкі німа служкі. — Калі нейкі гультай вымагае, каб яму прыслугоўвалі.
-
1590
Урві ды падай. — Аб падшыванцы, які хапае, крадзе наляту ды перадае гэткаму самаму другому.
-
1591
У родным краі, як у раі. — Пашана й любасьць да роднага краю.
-
1592
У роця суха хоць ты боб малаці. — Адчуваньне пры вялікай празе ці хваробе.
-
1593
У сабакі вачэй пазычыць. — Аб тым, хто зь некім апастыліўся ды не пагадзіўшыся зь ім, ідзе да яго зь нейкай патрэбай.
-
1594
У сабачыну пусьціўся. — Аб тым, хто вядзе амаральнае жыцьцё.
-
1595
У сваей хатцы нечага баяцца. — Кажны гаспадар у сваёй хаце.
-
1596
У сваей хаце й вуглы памагаюць. — Прыказваюць, каб узахвоціць гаспадара бараніць сваю хату.
-
1597
У сваей хаця й качарга маці. — У сваёй хаце ад нейкага злыдня й качаргой можна абараніцца.
-
1598
У сваю скуру ня тоўпіцца. — Аб сытым, тоўстым чалавеку.
-
1599
У сваю скуру ўшыўся. — Хто дрэнна сябе паводзе і нічыей парады ня хоча слухаць.
-
1600
Усе мы памром, але ніхто не аджыў. — Прыказваюць на хаўтурах.
На запыт знайшлося 1933 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць