На запыт знайшлося 1933 артыкулы

  1. 1681
    Хто гэта набзьдзеў? - Нявестка! - Дык яе ж дома няма. - Дык гэта яе андарак, што вунь на шастку вісіць. — На нялюбага чалавека ўсе віны складаюць.
  2. 1682
    Хто дбая, той і мая. — Аб рупным гаспадару.
  3. 1683
    Хто дужшы, той пружшы. — Хто мацнейшы сілай - перамагае фізычна, хто мацнейшы багацьцем - перамагае праўна.
  4. 1684
    Хто есьць нажом, той зьесьць ражон. — Бацькі-сяляне строга забараняюць дзецям і падлеткам карыстацца нажом пры ядзе.
  5. 1685
    Хто за каго, а поп за Каську. — Калі нехта вытыкае недахопы й праступкі толькі аднаго чалавека, які яму не падабаецца.
  6. 1686
    Хто зь язычком, той зь піражком. — Хто гаваркі, той хутчэй нешта выпрасе ці дастане нейкі магарыч.
  7. 1687
    Хто каго сагне, той таго наб'е. — Дужэйшы перамагае.
  8. 1688
    Хто капейкі ні шануя, дык той сам капейкі ні варты. — Раськідлівыя не карыстаюцца пашанай у народзе.
  9. 1689
    Хто коні міняя, у таго хамут гуляя. — Ахвотнікі мяняць часта бываюць ашуканыя.
  10. 1690
    Хто лусту нося, той есьці ня прося. — Гэтак бацькі заахвочвалі дзяцей, каб бралі з сабой хлеб, ідучы ў поле на работу.
  11. 1691
    Хто любіцца, той і чубіцца. — Найчасьцей прыказку ўжываюць жартам, каб пацешыць пакрыўджанага ці пабітага. Да гэтай прыказкі ёсьць і казачка-жарт: - Дзяўчына прышла з вуліцы й скардзілася сваёй матцы з плачам, што яе хлопцы крыўдзяць. А маці адказала: - «Хто любіцца, той чубіцца!» - быццам хлопцы яе б'юць зь любасьці. Назаўтра вечарам дзяўчына прышла дамоў сьмяючыся й кажа матцы: - «Мама, мама! Вось мяне хлопцы любяць, бо як выйду на вуліцу, дык за кулакамі сьвету ня віджу».
  12. 1692
    Хто мажа, той і едзя. — Хто падкуплівае ўрадоўцаў ці суд, той і справу выйгрывае.
  13. 1693
    Хто мала мая, той мала й дбая. — У каго малая гаспадарка, у таго й клопаты меншыя каля яе.
  14. 1694
    Хто ні радзіўся, той ні памрэ. — Прыказваюць на хаўтурох, каб пацешыць таго, хто плача па нябожчыку.
  15. 1695
    Хто ні цягне, таго выпрагаюць. — Благога работніка доўга ня трымаюць.
  16. 1696
    Хто новага ня меў, той і латанаму рад. — Кажуць пра беднага прастака.
  17. 1697
    Хто ня ўмее араці, таму хлеба ш даці. — Хто на хлеб не зарабіў, таго й ня кормяць хлебам.
  18. 1698
    Хто па абедзя аддыхая, Бог думая, што сьвіньня здыхая. — Высьмейваньне гультая, што толькі есьць ды сьпіць.
  19. 1699
    Хто па абедзя аддыша, таго Бог за сьвіньню запіша. — Высьмейваньне гультая, што толькі есьць ды сьпіць.
  20. 1700
    Хто парася ўкраў, таму ўвушшу пішчыць. — Калі баязьлівы зрабіў нейкі праступак, дык яму здаецца, што ўжо ўсе гэта ведаюць.

Паведаміць пра недакладнасьць