-
1521
Трэба, каб да Юр'я было сена й у дурня. — Трэба, каб і нядбалы гаспадар меў сена да 23 красавіка.
-
1522
Трэба каваць зялеза пакуль гарачая. — Кожную работу трэба рабіць у сваім часе.
-
1523
Трэба нос прытыкаць. — Калі да некага трэба зьвяртацца ў нейкай патрэбе.
-
1524
Трэба так жыць, як набяжыць. — Трэба жыць, як выпадае, улічваючы розныя прыгоды.
-
1525
Трэба так зрабіць, каб было што зьесьці й прапіць. — Калі трэба вынаходзіць розныя спосабы, ламаць галаву й прыдумляць, каб заладзіць усе бягучыя патрэбы ў гаспадарцы.
-
1526
Трэба тым рогам часацца, якім дастаніш. — У гаспадарцы трэба кіравацца так, як зручней.
-
1527
Тунікі цёрці каля вуглоў. — Калі нехта халадуе каля вуглоў бязь ніякай работы.
-
1528
Ты бачыш пад лесам, алі ні бачыш пад носам. — Калі нехта чужыя хібы ці віну бача далёка, а ня бача сваёй.
-
1529
Ты брат мой, а еш хлеб свой. — Кажны мусіць жывіцца з сваей спрацы.
-
1530
- Ты валы карміў? - Карміў. - Паіў? - Паіў. - Дык ідзі-ж запрагаць. - А дзе-ж яны стаяць? — Прыказваюць, калі падловяць спрытнага манюку.
-
1531
Ты мяне ўлегца маіш. — Кажа той, каго ўвачавідкі паніжаюць, калі недацэньваюць ягоных здольнасьцяў і магчымасьцяў.
-
1532
Ты наша, а я ваша, - а хто-ж нам хлеба напаша? — Прыказвае малазаможны чалавек, калі да яго за дапамогай зьвяртаюцца гэткі самы малазаможны сваяк ці прыяцель.
-
1533
Ты хочаш аднэй сракай сем кірмашоў адбыць. — Пра няўрымсьлівую асобу, што хоча адначасова ў некалькіх мясцох пабываць.
-
1534
Ты хочаш і з гаўна плеўку садраць. — Пра скупога чалавека.
-
1535
Убіўся, як сучка ў расчыну. — Калі нехта ўблытаецца ў нячыстую справу, што й яму самому няпрыемна й сорамна.
-
1536
У Бога веру, а Богу ня веру. — Аб тым, што сьлепа на нешта спадзяецца. З казкі: - Чалавех пашоў у царкву ў белым кажусе ды спадзяваўся, што Бог уважа на ягоны новы белы кажух ды ня дасьць дажджу. Але калі ён ішоў дамоў, дык пашоў вялікі дождж ды змачыў і змарнаваў кажух. Тады ён і сказаў: - У Бога веру, а Богу ня веру. Посьля гэтага выпадку ён ніколі не надзяваў белага кажуха, калі ішоў у далёкую дарогу.
-
1537
У Бога дней ня рэшата. — Дні нашага жыцьця рэшатам ня мераць, каб іншыя з іх ня высыпаліся. Кожнага дня мы мусім нешта карыснае зрабіць.
-
1538
У бядзе жаласьнікаў шмат, а памагаць некаму. — У бядзе кажны спачувае, але толькі языком, але не матар'яльна.
-
1539
У вас адпелі, а ў нас ад'елі. — Жартуюць гэтак з моладзі, якая позна прышла зь ігрышча ды спазьнілася на вячэру.
-
1540
У восінь і вірабей багаты. —
1. Прымаўляюць гэтак бацькі, калі адкладаюць сыньня ці доччына вясельле на восень.
2. Гэтак прыказвае даўжнік, калі ў яго спаганяюць доўг, а ён прося адтэрмінаіваць доўг на восень.
На запыт знайшлося 1933 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць