На запыт знайшлося 1933 артыкулы

  1. 1501
    Танцаваць трэба вучыцца, а работу гора навуча. — Гэтак жартуюць з тых маладых дзяцюкоў, дзяўчат, якія болей увагі аддаюць танцам, а работы ня ўмеюць.
  2. 1502
    Танцуй уража, як пан кажа. — Гэтак упікаюць таму, хто прадаўся чужынцу й працуе ў ягоную карысьць, а на шкоду сваім.
  3. 1503
    Тань, ды тавару ні гань. — Пры куплі можна й танна даваць за тавар, але ня трэба прыдумляць, што тавар хвальшывы.
  4. 1504
    Тапор у карчму папёр, а сякера дома сядзела. — Гульня словаў, жарт-прыказка й разам загадка. Тапор - гаспадар, сякера - гаспадыня. Гаспадар пашоў у карчму, а гаспадыня дома сядзела.
  5. 1505
    Татава хата. — Гэтак жартам называюць вязьніцу.
  6. 1506
    Тваё дзела цілячча: зьеў пойла ды атпруць у хлеў. — Прыказваюць дзецям ці падлеткам, калі тыя ўмешваюцца ў справы старэйшых.
  7. 1507
    Твой язык разам і таўчэ, і меля. — Калі нехта ў гутарцы адначасова хоча двум праціўным баком дагадзіць.
  8. 1508
    Ткні язык у сраку й памяшай кашу. — Агідная лаянка на таго, хто сказаў агіднае ці абразьлівае слова.
  9. 1509
    То бокам, то скокам. — Хто стараецца выкручвацца на розныя спосабы ў жыцьці, у рабоце, у гутарцы.
  10. 1510
    Тое маю, што ў руках трымаю. — Аб тым, хто ня вера абяцанкам і напавер не дае.
  11. 1511
    То за пень, то за калоду. — Прыказваюць, калі нехта ўхіляецца ад нейкай работы ці гутаркі.
  12. 1512
    Той госьць ізноў ёсьць. — Кажуць, калі зьяўляецца непажаданая асоба.
  13. 1513
    Той сабака ня брэша, што спатайка кусая. — Аб благім чалавеку, які спадцішка падкусвае - удае вышэй стаячым асобам, зводы робе.
  14. 1514
    Той сьмяецца, хто будзя сьміяцца апошнім. — А апошнім будзе сьмяяцца тады, калі іншым будзе не да сьмеху.
  15. 1515
    Толькі тоя права й праў. — Калі адну й тую самую работу трэба паўтараць.
  16. 1516
    Трасецца, як асіна. — Калі нехта трасецца ад хваробы ці страху.
  17. 1517
    Тры чверці да сьмерці. — Жартуюць з апушчонага, слабога гультаяватага чалавека.
  18. 1518
    Трэба вехця й нажа, дык будзя добрая дзіжа. — Прыказваюць, калі нейкая хвароба ці пашкоджаньне паўстала ад неахайнаісьці. З казкі: - У бабы папсавалася дзяжа, і хлеб не ўдаваўся. Яна папрасіла сьвятара адправіць над дзяжой малебен. Сьвятар заўважыў, што дзяжа абкарэлая гнілым цестам, дык правячы малебен ён сьпяваў: «Трэба вехця й нажа, каб была добрая дзяжа».
  19. 1519
    Трэба дуды ў мех зьбіраць. — Калі вясёлы час кончыўся й настае абыдзёншчына.
  20. 1520
    Трэба, каб быў воўк сыты й козы цэлы. — Калі даводзіцца дагаджаць двум супроцьлеглым баком.

Паведаміць пра недакладнасьць