-
41
Даў рады. — Справіўся з работай ці заданьнем.
-
42
Даў таўкача. — Прыказваюць таму, хто стаўся пераможцам, для прыкладу: калі маладзейшы брат перш школу кончыў за старэйшага, ці калі перш ажаніўся або калі маладзейшая сястра перш замуж вышла.
-
43
Даў у пяту. — Калі нехта павярнуў назад у гутарцы, чынах, палітыцы.
-
44
Даў цягу. — Пусьціўся ўцякаць.
-
45
Даўшы пугу, трэба даць і лейцы. — Калі бацька даручыў сыну ці зяцю выконваць працу на гаспадарцы, дык ён мусе дазволіць і кіраваць гэтай працай.
-
46
Два вякі жыць ня будзім. — Гэтак напамінаюць старому чалавеку, які зьбірае вялікія запасы.
-
47
Два гады ні вячэрай, дык на трэці хлеба застанецца. — Гэтак жартуюць з таго, хто позьніцца на вячэру ды ня еўшы спаць кладзецца.
-
48
Два каты на адным саля ня тоўпюцца. — Прыказваюць, калі два гаспадары жывуць на аднэй гаспадарцы або два зайздрывыя ўрадоўцы абслугоўваюць адну грамаду людзей.
-
49
Двор па бор, вароты па балота. — Аб нядбайным гаспадары, якога панадворак неабгароджаны ды зямля ляжыць дзірваном па самы бор, няма ніякіх варотаў і варотамі балота, бо празь яго не пераедзеш.
-
50
Дзе ахвота, там і работа. — Толькі тая работа вартасная й спорная, што выконваецца пры сваёй ахвоце.
-
51
Дзе баліць, там і лучаіцца. —
1. Бывае часта, што ўдараць ізноў раней пашкоджанае месца на целе.
2. Калі аднаўляюцца мінулыя, яшчэ незаспакоеныя беды й балючыя перажываньні. -
52
Дзе гэта чута? Дзе гэта відана? — Гэтак запярэчваюць апавядальніку, калі маюць сумліў у праўдзе ягонага апавяданьня.
-
53
Дзе дзень, дзе ноч - і тыдзінь проч. — Аб валачашчым чалавеку, які жыве без аніякое мэты, абы пражыць.
-
54
Дзе добрыя дочкі дзяюцца, а дзе благія нявесткі бяруцца? — Гэтак разважае той, хто чуе, што кажная матка хвале сваю дачку, што па дабраце няма ей раўні ў сьвеце. Калі-ж гэтая самая дзяўчына выйдзе замуж, дык сьвякроў яе гане, што гэткай благой няма другой у сьвеце.
-
55
Дзе каму баліць, там той і студзя. — Кажны мае свае беды й клопаты й стараецца іх залагоджваць.
-
56
Дзе кінь - там клін, дзе пала - там прапала. — Напамін, каб рупіліся аб сваей маемасьці ці гаспадарцы, бо калі здаць пад нагляд іншых - будзе ўбываць або й зусім прападзе.
-
57
Дзе коратка, там і рвецца. — Калі тое ў гаспадарцы прападае, чаго й так нехапала.
-
58
Дзе любюць, дык і туды ні ўчашчай, а дзе ня любюць, дык там і нагой ні бывай. — Навука бацькоў сваім дзецям, каб зачаста ня бывалі там, дзе іх любяць, бо надакучаць і там.
-
59
Дзеля аднаго жыда кірмаш будзя. — Прыказвае селянін, калі паляніцца пайсьці ў воласьць на сходку.
-
60
Дзеля аднаго салдата ня будзя войска шчарбата. — Прыказваюць, калі ў гаспадара просяць таго, чаго ён шмат мае. Калі ў яго драбніцу ўзяць, ад гэтага ўбытку ў гаспадарцы ня будзе.
На запыт знайшлося 132 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць