-
101
Суджанаму дзеўка. — Вера ў лёс, быццам хлопцу на раду назначана, якую ён дзеўку возьме за жонку.
-
102
Супроць вады цяжка плысьці. — Прыказвае той, хто прымушаны, супроць свае волі, дзеіць паводля волі натоўпу.
-
103
Сухая ложка рот дзярэ. — Кажуць тыя, каму далі есьці посную страву.
-
104
Сходзя на пшык. — Аб тым, хто паступова бяднее.
-
105
Сыпнула з рукаўца, выкупіла малайца. — Калі нехта подкупам вызваліць свайго блізкога чалавека з рэкрутаў, вастрогу, ці іншай павіннасьці. Прыказка выводзіцца з народнай песьні.
-
106
Сыты галоднаму ні спагадая. — Прыказваецца ў значаньні даслоўным, аб ядзе, і часьцей у пераносным.
-
107
Сьвет вялікі, ды дзецца негдзя. — Прыказка бедных, якія сабе нідзе ня могуць знайсьці прыстанку.
-
108
Сьвет дзяўчыня завізаў. — Калі нехта зводзіў дзяўчыну, але замуж ня ўзяў або й ажаніўся, але нейдзе прапаў.
-
109
Сьвет клінам ні зышоў. — Прыказваюць, калі засватаная дзяўчына адмовілася выйсьці замуж або калі не ўдалося купіць аблюбаванай рэчы.
-
110
Сьвіньні ні да парасят, калі самую смалюць. — Адказ бацькоў бедных ці ў горы, калі ім заўважаюць, што сваіх дзяцей ня вучаць ці не даглядаюць.
-
111
Сьвіньня калі адыходзя ад карыта, дык хоць зарохкая. — Прыказваюць падлетку, які адышоўся ад стала ды не падзякаваў за ежу.
-
112
Сьвярбелі рукі. — Калі нехта ўзяў у рукі нейкую рэч ды папсаваў.
-
113
Сьвярбеў язык? — Калі нехта выдаў сакрэты.
-
114
Сьвяціць вачыма. — Калі з чужой віны трэба цярпець сорам.
-
115
Сьледам за дзедам. — Калі нехта жыве сьлепа па прыкладзе другіх ды ад іх запазычае ўсё, добрае й благое, а ня жыве сваім розумам.
-
116
Сьляпы сьляпому ні павадыр. — Калі нехта слухае парадаў непрактыкоўнага, як і сам, чалавека ды дзеля гэтага мае вялікую шкоду.
-
117
Сьмелы, хоць да жабы з колам. — Калі нехта палахлівы выхваляецца сваёй адвагай і сьмеласьцяй.
-
118
Сьмерць біз прычыны ні бывая. — Калі нехта шукае тых ці іншых прычынаў неспадзяванае сьмерці.
-
119
Сьмерць з трубамі ня ходзя. — Ніхто чалавеку не паведамляе, калі ён памрэ - ніхто ня трубе, што пара ўміраць.
-
120
Сьмерць і радзіны ні глідзяць добрай гадзіны. — Прыход чалавека на сьвет і адыход зь яго не залежаць ад чалавечай волі. Прыказваюць, калі радзіны й сьмерць пападаюць у дрэннае надвор'е.
На запыт знайшлося 136 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць