-
41
Бі й таўкачом, абы было па чом. —
1. Можна чалавека цяжка караць, але перш трэба разабрацца, ці ён вінен. Тут «па чом» - ці ёсьць за што.
2. Хоць чалавек і вінен, але калі слабы на здароў'і, дык ня можна цяжка караць. -
42
Біціся, як гаршкі, дзярыціся, як каты. — Жартуе той, хто ня хоча ўмешвацца ў чужую звадку ці бойку.
-
43
Біцца ні гадзіцца, і лаіцца ні дазваляіцца. — Гэтак навучаюць дзяцей і падлеткаў, каб жылі ў згодзе.
-
44
Благая зімля і проч ня гоня, і хлеба ні дае. — Хлеба не дае, бо ня родзіць, проч ня гоне, бо чалавек прывык да яе й ня мае адвагі пакінуць.
-
45
Благая зімля й ня родзя, і насеньня ня зводзя. — Гэта значыць, што колькі гаспадар высеяў на благой зямлі, столькі й намалоце. Калі-ж гаспадар мае насеньне, дык не адважваецца кінуць зямлі, бо мае работу й мае надзею на паляпшэньне.
-
46
Благая тая дамова, дзе вала бадзе карова. — Прыказваюць, калі жонка вядзе парадкі ў хаце ці гаспадарцы, а мужык сьлепа выконвае яе загады.
-
47
Благая тая птушка, што сваё гняздо паскудзя. — Аб чалавеку, які высьмейвае й абнеслаўляе сваю сям'ю, радню, народ.
-
48
Благі грыб, хрушч, а біз яго пушч. — Аб старым чалавеку, які хоць і няздольны да працы, дык хоць хаты дагледзе.
-
49
Благі сусед горш за скулу. — Скула баліць і дакучае, але скора зьгіне, а благі сусед будзе дакучаць да веку.
-
50
Благому віду ды ўрэж і носу. — Тут прыводзіцца параўнаньне добрай рэчы ці чалавека з благой рэччу ці чалавекам. Калі прыгожы твар прыпсаваны трохі, дык гэта ня будзе заўважана, а калі да благой рэчы ці благому чалавеку дадаць новую загану, дык гэтая рэч ці чалавек стануць шмат горшымі, як брыдкі твар з урэзаным носам.
-
51
Благоя палажэньня й добраму спакушэньня. — Добрая рэч не павінна ляжаць напаяўцы, бо на яе можа паквапіцца й добры чалавек. Калі добрая рэч будзе без дагляду, дык яна зьвядзе й добрага чалавека.
-
52
Бога хвалі, алі й чорта ні гняві. — Калі рабіць дабро добраму, дык ад яго можна спадзявацца яшчэ больш дабра. Але калі без патрэбы наклікаць на сябе гнеў благога чалавека, дык ён можа шмат пашкодзіць.
-
53
Бог віздя, хто каго крыўдзя. — Прыказваюць пакрыўджаныя.
-
54
Бог даў, Бог і ўзяў. — Гэтак разважаюць бацькі, калі дзіця памерла. Гэтак суцяшаюць і гаспадара, калі жывёла здохла.
-
55
Бог душу сапсаваў: як у пень усадзіў. — Прыказваюць на дурнога ці недарэчнага.
-
56
Бог звідзя чый баран, а чый певень. — Прыказвае пакрыўджаны, каб напомніць Богу, што ягоная шчырэйшая ахвяра. Прыказка паходзе ад казкі: Багаты прынёс у бажніцу Богу на ахвяру пеўня, а бедны прывёў барана. Калі трэба было здаваць ахвяры, дык багаты адабраў у беднага барана ды здаў на аўтар, а беднаму кінуў пеўня. Бедны, калі клаў на аўтар пэўня, выгукнуў: «Бог зьвідзя чый баран, а чый певень».
-
57
Бог і лесу ні зраўняў. — Прыказваюць да таго, што людзі розныя: ёсьць прыгожыя й брыдкія, высокія й малыя, добрыя й благія, бедныя й багатыя.
-
58
Бог маўчон, алі лучон. — Бог церпялівы, не адразу карае за праступкі й не адразу мілуе за заслугі, але судзіць справядліва.
-
59
Бог ні гуляя ды людзей раўняя. — Адны бяднеюць, а другія багацеюць, і гэта ўсё робіцца з волі Бога.
-
60
Бог ні ціля - пазная круціля. — Круцяля ўсюды лёгка пазнаць.
На запыт знайшлося 95 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць