На запыт знайшлося 95 артыкулаў

  1. 61
    Бог ня роўна дзеля. — Бог адным дае болей, а другім меней і дзеля гэтага ёсьць людзі разумныя й дурныя, шчасьлівыя й нешчасьлівыя, бедныя й багатыя.
  2. 62
    Бог ня слухая, што свіньня рухая. — Прыказваюць, калі чуюць, як благі чалавек, клянучы, просе ў Бога ліха або пагібелі на іншага.
  3. 63
    Бог сваю пуньку адчыніў. — Прыказваюць, калі посьля цяжкой зімы стала цёпла, і статак пайшоў на сьвежую траву.
  4. 64
    Божа памажы, а ты, гультай, ні ляжы. — Прыказваюць гультаю, каб не чакаў на Божую дапамогу, але каб сам браўся за работу.
  5. 65
    Болі заходу як работы. — Кажуць, калі болей часу страчана на падрыхтоўку да работы, як на самую работу.
  6. 66
    Болі слухай, а мені гавары. — Гэтак напамінаюць дзецям і падлеткам, каб не мяшаліся ў размову старэйшых.
  7. 67
    Брат збоку, а сусед на воку. — Трэба лепей дагаджаць суседу, як брату.
  8. 68
    Браць - сакольня вочы, а аддаваць - савіны. — Прыказваюць тады, калі нехта злуецца, як у яго спаганяюць доўг. Калі нехта нешта пазычае, ці бярэ падарунак, дык мае тады вясёлы погляд, а калі аддае, дык сумны й злосны.
  9. 69
    Брэша, як сабака на месіц. — Прыказваюць брахліваму, бессаромнаму чалавеку, які бяз сэнсу кідае словы.
  10. 70
    Будзе срака дразда пець. — Папераджаюць таго, каго будуць біць розгамі, бо, калі б'юць розгамі, дык чуецца гук: «джрр... джрр... джрр...».
  11. 71
    Будзім варажыць, дзе галаву палажыць. — Прыказвае той, хто думае ўгадваць, дзе ён памрэ.
  12. 72
    Будзім мучыцца, пакуль сьмерць лучыцца. — Прыказвае той, хто не спадзяецца паправы ў сваім гаротным жыцьці да самай сьмерці.
  13. 73
    Будзіш біз пары зямлю парыць. — Гэтак старэйшыя перасьцерагаюць маладзейшых, каб шанавалі сваё здароўе, або каб сьцерагліся небясьпекі.
  14. 74
    Будзіш дудкай хлеб піць. — Прыказваецца гэтак, каб перасьцерагчы некага ад благой сялібы, зямлі, ці благой і дрэнна аплачванай працы. «Дудкай хлеб піць» - гэта значыць хлеба ня будзе, а толькі зацірка ці поліўка.
  15. 75
    Будзіш ночы балькі лічыць. — Гэтак прыказваюць пры вячэры гасьцю, калі ён мала есьць, бо ночы ад голаду ня будзе спацца, дык ён будзе «балькі лічыць».
  16. 76
    Будзя кірмаш і на нашай вуліцы. — Прыказвае той, хто спадзяецца дачакаць лепшых, шчасьлівейшых часоў.
  17. 77
    Будзя мышам гнёздаў. — Выказваюцца аб тэй сям'і, дзе лён зарадзіў, а дзеўкі гультаяватыя.
  18. 78
    Будзя пара, вырасьця й трава. — На ўсё будзе свой час, трэба толькі церпяліва чакаць.
  19. 79
    Будзя чым чужы пах ад вакна адганяць. — Гэтак прыказвае бедны, калі зарэжа на мяса нейкую жывёліну.
  20. 80
    Буду жыць, як набяжыць. — Прыказваюць у роспачы, калі няма волі ці магчымасьці пакіраваць сваім жыцьцём.

Паведаміць пра недакладнасьць