-
41
Вусы белыя - рукі чорныя. Вусы белыя, бо ўжо стар, рукі чорныя, бо гаспадар. — Гэтак прыказвае аб сабе паважны й не малады вясковы гаспадар.
-
42
Вучыся галіць на сваей барадзе. — Прыказваюць, калі малады майстра ўзяўся нешта рабіць ды папсаваў матар'ял.
-
43
Выбачай, алі болі ні дакучай. — Гэтак жартам прыказвае госьць, калі гаспадар перапрашае яго словам «Выбачай». Госьць гэтым быццам перапрашае гаспадара, што надакучыў.
-
44
Выбірай кабылу гарбатую, а жонку лупатую. Гарбатай кабылы ніхто ні ўкрадзе, а жонкі лупатай ніхто ні зьвядзе. — Парада гаспадару пры куплі кабылы. Парада дзяцюку пры жаніцьбе.
-
45
Выбіў дух на рабоце. — Прыказвае той, што згубіў сілу й здароўе пры працы.
-
46
Выбіўся з работы. — Прыказвае той, хто ня мае пільнай работы, або той, хто абы за якую работу ня хоча брацца.
-
47
Выбіўся са сну. — Прыказвае той, каму ад нейкіх думак-клопатаў ня сьпіцца.
-
48
Выбраў з гурту курту. — Прыказваюць на дзяцюка, які меў магчымасьць узяць сабе добрую дзеўку за жонку, выбіраў лепшую, ды выбраў нікуды нявартую.
-
49
Вывідзі з хлева апошнюю кароўку, дык на паляваньні будзя шанцаваць. — Каб быць добрым паляўнічым, трэба кінуць гаспадарку. Прыказваюць багатаму гаспадару, які наракае, што на паляваньні не шанцуе.
-
50
Выплюнінага ні падніміш. — Прыказваюць таму, хто без патрэбы апастыляецца з чалавекам, да якога пазьней трэба будзе зьвярнуцца ў патрэбе. Найчасьцей гэтак прыказваюць, каб папярэдзіць некага, які без патрэбы пачынае апастыляцца зь нявінным чалавекам.
-
51
Вырас вялікі - хоць на ім сучку павесь. — Прыказваюць на вялікага хлапца, які да нічога няздатны.
-
52
Вырыванская вуліца. — Гэтак называюць тое месца, дзе ўвачавідкі крадуць, з рук вырываюць.
-
53
Высака лётаіш, алі нізка сядзіш. — Прыказваюць, калі ганарысты чалавек бярэцца за справу, на якой збанкрутуе.
-
54
Выскачыў, як агню ўхапіў. — Калі нехта раптам уцёк ад сораму.
-
55
Выскачыў, як Піліп з канапель. — Прыказваюць, калі нехта раптам папаў у чужое сабе асяродзьдзе, ці калі нехта недарэчна ўмяшаўся ў чужую гутарку.
-
56
Вышчараіцца, як кабыла на пасеі. — Прыказваюць, калі нехта без патрэбы сьмяецца.
-
57
Вядома ня дома. — Гэтак патакуюць, калі нехта апавядае, што на чужыне было блага.
-
58
Вясельля - чортава прысельля, а хрэсьбінкі, рады - дай Божа кожныя гады. — Прыказка старэйшых аб тым, што на вясельлі хоць можна дастаткам зьесьці й выпіць, але моладзь часта ўшчынае бойку. А на хрэсьбінах можна й выпіць, і закусіць, і ў дадатак спакойна.
-
59
Вясной і качка прачка. — Прыказваюць, калі вясной у разводзьдзе ўсюды гэтак шмат вады, што навет і «качка» можа бялізну памыць.
-
60
Вясной - кораб вады, а коўш гразі, а восеняй - коўш вады, а кораб гразі. — Сялянская заўвага аб тым, што вясной вада надта хутка высыхае, а восеняй надта марудна.
На запыт знайшоўся 61 артыкул
Паведаміць пра недакладнасьць