Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
Прыказкі Лагойшчыны (1933 артыкулы)

Вынікі пошуку
 
а  б  в  г/ґ  д  е  ё  ж  з  і  к  л  м  н  п  р  с  т  у  х  ц  ч  ш  ю  я  
а  е  і  л  о  р  с  у  
 
Старонкі: 1  2  3  4  5  6  7  8  9  


На ваш запыт знойдзены 164 артыкулы

  1. Калі надзеніш балахон, дык лезя дух вон. — Гэтак высьмейваюць таго, хто любе хвасьліва адзявацца, але пры гэтым церпіць стужу, ці іншую нявыгоду.
  2. Калі нам жаніцца, дык тады ноч мала. — Прыказвае той, хто бярэцца за паважную справу, а тут часу нехапае, ці здараюцца іншыя перашкоды. Магчыма гэтая прыказка паходзіць з старых часоў, калі ночы кралі дзяўчат на жонак.
  3. Калі ні грагала варона ўгору літучы, дык уніз літучы ўпагатовя грагаць ня будзя. — Калі нехта не дасягнуў славы маладым, калі ішоў угору - ішоў проці веку, дык упагатове не праславіцца, калі стаў старэць і дажываць свайго веку.
  4. Калі нідаясі, дык і сьвятога прадасі. — Калі прыцісьне голад, дык даводзіцца прадаць на хлеб і сьвятую (ня ў сэньсе рэлігійным) рэч.
  5. Калі німа хлеба, дык ня трэба было краўца прасіць. — Калі няма чым частаваць, дык ня трэба гасьцей запрашаць. (Кравец шыў у гаспадара на гаспадарскім хлебе).
  6. Калі ні наеўся, дык і ні наліжысься. — Калі нечым вялікім не запамогся, дык і крошкамі не надцягнешся.
  7. Калі ні намалоцім, дык і ні накалоцім. — Калі не намалацілі збожжа малоцячы снапы, тымбольш не дабыць яго трасучы віламі салому. Калі на вялікай справе была ўтрата, дык і з малой ня будзе запамогі.
  8. Калі ні папрала Піліпаўка, дык папрадзе ліпаўка. — Піліпаўка або Калядоўка, у сьнежні перад Калядамі, калі найдаўжэйшыя ночы й жанчыны шмат спрадаюць кудзелі. Калі гаспадыня не магла папрасьці кудзелі ў Піліпаўку, дык мусіць узяць збожжа зь ліпаўкі ды заплаціць нейкай кутніцы за пражу. Прыказваюць таму, хто не зрабіў нейкай работы ў сваім часе посьля мусіць за выкананьне гэтай работы дорага плаціць.
  9. Калі ні піраскочыў, дык ні кажы «гоц!». — Прыказваюць таму, хто хваліцца загадзя, недакончыўшы нейкае справы.
  10. Калінкай заламаў. — Калі нехта некуды зарокся хадзіць.
  11. Калі ня выпаўніліся рэкі вясной, дык выпаўнюцца летам. — Сялянская варажба: Калі зіма маласьнежная й вясной ня было паводкі, дык будзе дажджлівае лета й будуць паводкі летам.
  12. Калі ня поп, дык ні ўбірайся ў рызы. — Калі ня майстра пэўнай работы ці справы, дык за яе не бярыся.
  13. Калі няўрод, дык і ніўмалот. — Прыказваюць, калі мала намалоцяць.
  14. Калі пагонішся за двума зайцамі, дык ніводнага ня зловіш. — Прыказваюць таму, хто бярэцца выконваць дзьве справы адразу.
  15. Калі пагонішся за чужым, дык сваё страціш. — Калі зайздрывы захоча заўладаць чужым багацьцем, дык і сваё страце.
  16. Калі пан з паноў, дык аддасьць валоў. — Паважны й разважлівы чалавек ніколі ня будзе ўмешвацца ў дробязныя справы. Прыказка паходзе ад казкі: Валы аднаго селяніна зазыгавалі ды пабеглі праз дворную зямлю. Дворныя парабкі загналі валоў у панскі хлеў. Селянін пашоў у двор па валы там, стаўшы на ганку, у голас разважае: «Калі пан з паноў, дык аддасьць валоў, бо паны, што вышлі з прастакоў, дзёрскія й хамаватыя, а паны радавітыя людзі паважныя й бяз дай прычыны чапіцца ня будуць». Калі пан пачуў гэткія сялянскія разважаньні, сказаў аддаць валоў, бо кажны пан хоча, каб яго ўважалі за «пана з паноў».
  17. Калі пашоў ваяваць Кітай, дык жыць кідай. — Прыказка па паходжаньні можа й гістарычная, але цяпер ужываецца ў жартаўлівым тоне, калі слабы й недалужны чалавек ушчынае бойку.
  18. Калі піраначуім, дык болі пачуім. — Ня трэба сьпяшацца разьвязваць заблытаную справу, а лепш адкласьці яе на далейшы час і сабраць дакладнейшыя аб ей весткі.
  19. Калі пойдзіш нацянькі, дык праходзіш тры дзянькі. — Шукаючы новага, прасьцейшага шляху больш страціш часу, як ідучы старой, ведамай дарогай. Прыказваюць таму, што пробуе жыцьцё наладжваць новым, але не правераным спосабам.
  20. Калі прапаў мех, дык і на бацьку грэх. — Калі нейкая рэч зьгіне, дык у кражы падазраюць навет і роднага бацьку. Прыказваюць, калі шукаюць пакрадзеных рэчаў і ў паважных, шанаваных людзей.

Старонкі: 1  2  3  4  5  6  7  8  9  
 
Прыказкі Лагойшчыны   Прыказкі Лагойшчыны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019