На запыт знайшлося 238 артыкулаў

  1. 81
    Ні Богу сьвечку, ні чорту качарга. — Аб няшкодным, але бескарысным чалавеку.
  2. 82
    Ні будзі ліха, калі сьпіць. — Калі нейкая звадка ці спрэчка супакоілася, дык трэба ўважаць, каб ізноў не распачалася.
  3. 83
    Ні бяры да галавы. — Гэтак разважаюць чалавека, каб не бедаваў па малавартаснай страце, а шанаваў лепш сваё здароўе.
  4. 84
    Ні вікавоя, а ракавоя. — Прыказваюць аб часовай страце, якая будзе адчувацца толькі адзін год, прыкладам: недарод збожжа.
  5. 85
    Ніводнага годнага. — Калі некага ці нечага шмат, але ўсё бязвартаснае, усё дрэнь.
  6. 86
    Ні гадзься кот сытым салам. — Пра ганарыстую асобу, што пагарджае людьмі вартнейшымі за сябе.
  7. 87
    Ні глядзіць ні вока, ні бока. — Прыказваюць аб работніку, які працуе гонка, але ягоная работа няўдалая, зь хібамі.
  8. 88
    Ні гуляй у карты - ня будзь упарты. А будзіш гуляць - будуць скуру драць. — Гэтак перасьцерагаюць гульцоў у карты.
  9. 89
    Ні дай Бог сьвіньні рог, а мужыку панства. — Прыказваюць аб тым, хто нажывае вялікую гаспадарку ды занадта патрабавальны да сваіх работнікаў. Або калі нехта выб'ецца ў вялікія ўрадоўцы ды зьдзекуецца над народам.
  10. 90
    Ні дай Божа чужымі дзяцьмі пасылаць. — Прыказвае войчым ці мачыха, калі пасынкі ці падчырыцы ня слухаюць іхных загадаў.
  11. 91
    Ні дай і ні лай. — Калі бедны пойдзе да багатага прасіць нейкай дапамогі, дык багаты хоць і дапаможа, але аблае.
  12. 92
    Нідасол на стале, а пірасол на сьпіне. — У простым сэньсе: недасоленую страву дасольваюць, а за перасоленую караюць. Прыказваюць майстру, каб ён не сапсаваў матар'ялу, бо за яго будзе плаціць.
  13. 93
    Ні даць, ні ўзяць (ні дабавіць, ні ўбавіць). — Кажуць аб дзьвюх вельмі да сябе падобных рэчах ці асобах.
  14. 94
    Ні дома, ні замужам. — Прыказваюць аб чалавеку, які з аднаго месца працы сарваўся, а на другое не згадзіўся. Прыказка паходзе ад тае дзеўкі, што вышла замуж, але адышла ад мужа.
  15. 95
    Ніжанаты б'е жонку, а бязьдзетны - дзяцей. — Прыказваюць аб тым, які хваліцца, што каб ён меў сілу на сьвеце, дык усюды парадак зрабіў і ўсе добрасумленна выконвалі-б свае абавязкі. Так, як і нежанаты кажа, што ўпартую жонку зрабіў-бы пакорнай, а бязьдзетны - што дзяцей-неслухаў зрабіў-бы паслушнымі.
  16. 96
    Ні жаніўся - тры анучы. Ажаніўся - тры анучы. — Прыказвае жанаты, у якога матар'яльньт стан посьля жанімства не палепшыўся. Прыказка паходзе з казкі-жарту: Неўзабаве посьля вясельля малады муж абуваўся ў лапці, выціраў каравыя анучы й прыказваў як-бы сам сабе: «Ні жаніўся - тры анучы. Ажаніўся - тры анучы». А маладая жонка пачула гэта ды кінула яму гэткую самую каравую анучыну, кажучы: «Ні бядуй, што тры анучы - на табе чацьвертую». Муж наракаў не за тое, што меў тры анучыны, але за гэта, што ўзяў жонку гультайку, што навет ануч не памые, а трэба іх выціраць з гразі, каб абвярцець каля нагі.
  17. 97
    Ні за гэта біта, што хадзіла ў жыта, алі за тоя, што дома ні начавала. — Прыказваюць, калі пакараны чалавек перакручвае сваю віну на добрыя чыны, і кажа, што быццам пакаралі яго нявіннага. Муж біў жонку не за тое, што хадзіла жаць жыта, а за тое, што дамоў нанач ня прышла.
  18. 98
    Ні запеў. — Ня будзеш мець шчасьця, ня будзеш здаволены. Зь вясельнае песьні: «Ні запеў мяне ўзяўшы - будзіш біць прывязаўшы».
  19. 99
    Ні злавіў за руку, ні кажы, што злодзі. — Ня можна вініць некага, калі няма пэўных довадаў.
  20. 100
    Ні з тваім носам мышы капаць. — Ня трэба бранца за тую работу, да якой няма здольнасьці й спрыту.

Паведаміць пра недакладнасьць