На запыт знайшлося 238 артыкулаў

  1. 181
    Новая ня порыцца, а добрая ні валочыцца. — Прыказваюць, калі нехта стане хваліць таго чалавека, які бадзяецца па сьвеце, ды стане радзіць узяць яго на работу ці сватае ў прымы.
  2. 182
    Новая сіцца на калочку вісіцца, а староя пад лаўкай валяіцца. — Новы чалавек у сям'і ці грамадзе заўсёды ў пашане, а стары часта не шануецца ці й пакінены дажывае веку.
  3. 183
    Ногі па сраку адтаптаў. — Калі нехта доўга хадзіў нечага шукаючы ці пытаючы.
  4. 184
    Носіцца як дурань з дзьвярыма. — Калі нехта пілнуецца нечага непатрэбнага й бескарыснага. З казкі: Пайшлі красьці разумныя й дурны. Разумныя набралі ў сьвірне збожжа й сала, а дурны бача, што ў сьвірне ўсяго шмат і ўсяго не забярэш, дык ён выняў дзьверы ды панёс у лес. Ён думаў, што калі ў сьвірне ня будзе дзьвярэй, дык калі хаця можна будзе прыйсьці ў сьвіран і набраць, чаго трэба.
  5. 185
    Носіцца як кот зь сілядцом. — Калі нехта ня спускае зь языка гутаркі аб нейкай сваей улюблёнай рэчы ці аб сваім улюблёным чалавеку.
  6. 186
    Носіцца як падсмаліны. — Калі нехта борзда, без развагі, бегае, мітусіцца, калі аб нечым моцна заклапочаны.
  7. 187
    Ноч пагоня, ноч прыгоня. — Аб тым, хто на працу ідзе досьвіта й дамоў ідзе посьля зьмярканьня.
  8. 188
    Ну, брацьця, за кій брацца. — Прыказваюць, калі наўрэлася нейкая цяжкая работа грамадзкага характару, якую трэба на некага ўзваліць. «Брацца за кій» знача - лясаваць. Кажны па чарзе бярэцца за кій, а каму прышлося накрыць канец кія, той нешта й вылесаваў - добрае ці благое.
  9. 189
    Нуда горш каросты. — Жарт. Калі малады чалавек паслужа ў маскалёх ці так пажыве ў Расеі, дык вярнуўшыся дамоў часта пачынае патакаваць словамі: «Ну, да!». А стары тады яму заўважае: «Нуда - горш каросты». Нудой у Беларусаў называецца смутнае адчуваньне, мэлянхолія, а таксама й вашывасьць. Стары ўяўляе, што малады чалавек, які вярнуўся з Расеі, скардзіцца на тое, што ў яго нуда, - вошы.
  10. 190
    Ня бойся зімы, а бойся зазімка. — Зіма для людзей ня страшная, бо да яе людзі падрыхтаваліся. Але калі вясной выпадзе зазімак, калі харчы ўжо вышлі ды няма чым статку карміць, гэта куды страшней.
  11. 191
    Ня бойся пана, а бойся падпанка. — Прыказка паходзе з часоў прыгону. Ня гэтак страшныя самыя дэспаты, як іхныя паслугачы-падхалімы.
  12. 192
    Ня бойся п'яніцы, а бойся нідбаліцы, бо п'яны прасьпіцца, а гультай гэткім будзе да веку. — Гэткія параўнаньні робяць дзеўцы, калі яе сватае замуж гультай.
  13. 193
    Ня будзь ні войтам, ні сватам, дык ня будзіш чалавекам праклятым. — Парада ня ісьці на такую пасаду, дзе трэба аднаму дагаджаць, каб крыўдзіць іншых. Войта клялі за тое, што на прыгон выганяў, а свата клянуць, што благую жонку высватаў.
  14. 194
    Ня будзь ні горак, ні салодак. — Навука дзецям і падлеткам, каб яны ня былі ні апрыкронікамі ні падхалімамі.
  15. 195
    Ня будзя Гірша, дык будзя чорт іншы. — Прыказваюць, калі нейкі ўрадовец палохае, што не застанецца на далейшы час.
  16. 196
    Ня быць казе на лазе, ня есьці брэду. — Калі зайздрывы квапіцца на ласы кавалак, але ня можа дастаць.
  17. 197
    Ня вер каню ў дарозя, а жонцы дома. — Прыказваюць таму, каму жонка зрадзіла.
  18. 198
    Ня вер нікому, дык ніхто ні зрадзя. — Перасьцярога ня быць даверлівым.
  19. 199
    Ня вінна сьвінка, а вінна дзірка. — Калі гаспадар дбайна глядзіць свае маемасьці, дык у яго ня будзе шкоды.
  20. 200
    Няволя плача й скача. — Плача, бо цяжка жыць, скача, бо да гэтага яго прымушаюць.

Паведаміць пра недакладнасьць