-
21
Каваль куе - жонка пяе. — Калі ў каваля ёсьць работа, дык ёсьць і грошы, а тады жонка пяе, бо багатая.
-
22
Каваль робя людзьмі, а сталяр робя грудзьмі. — Прыказваюць таму, што кавалю дапамагае каваць завозьнік, што прывёз работу, а сталяр сам мусе выконваць усю работу.
-
23
Кажа Марац Калядоўцу: каб я ў тваім чася быў, дык-бы быку-трацьцяку рог зьбіў. — Сялянская прыказка аб жорсткасьцях месяца Марца (Сакавіка), які пазьбіваў-бы рогі бойкаму быку-трацяку, калі-б быў у часе Каляд.
-
24
Кажушок дзяржыць душок. — Гэтак сяляне ўсхваляюць кажух.
-
25
Кажы таму, хто ня ведая. — Гэтак спыняюць гутарку манюкі.
-
26
Казала качарга гуляці да чацьвірга. — Даўней вясельле ў Беларусі звычайна працягвалася да серады, але калі госьці разгуляюцца, дык працягвалі вясельле й да чацьвярга. А калі й у чэцьвер госьці не разыходзіліся, дык гаспадару даводзілася разганяць вясельле качаргой.
-
27
Казаў той. — Сялянская прымаўка перед удалай прыказкай ці выказам.
-
28
Кайіньня позна ходзя. — Гэтак прыказваюць таму, хто хоць і раскайваецца аб сваіх паступках ці паводзінах, але страчанага ня можа вярнуць.
-
29
Калі баба хрома, дык сядзі дома. —
1. Тут прыказваецца да таго, што калі хто нядужы, дык хай не бярэцца за цяжкую работу.
2. Хто няздольны да нейкае работы, хай за яе не бярэцца. -
30
Калі Бог дасьць, дык у вакно падасьць. — Шчасьлівага шчасьце знойдзе й у ягонай хаце.
-
31
Калі Бог дасьць мужыку сыць, дык ён дагары лежучы сцыць. — Прастак пры вялікай выгадзе даходзіць да вялікага гультайства й разбэшчанасьці.
-
32
Калі Бог захоча чалавека пакараць, дык перш розум адбярэ. — Прыказваюць, калі нехта папаўся ў бяду праз сваю дурноту й неразважлівасьць.
-
33
Калі Бог ні дапусьця, дык сьвіньня ня зьесьць. — Гэтак адказваюць на пагрозу слабых ды нікчэмных людзей.
-
34
Калі брусьніца чырванабока, дык парабак насьпіць вока. — Брусьніцы пачынаюць чырванець у канцы ліпеня, калі ноч прыбудзе, таму парабак тады ўжо напалову высыпаецца.
-
35
Калі будзім у Бога годны, дык ня будзім галодны. — Прыказваюць таму, хто надта шмат клапоціцца аб ежы, бо не адна ежа патрэбная для людзкога жыцьця.
-
36
Калі будзіш міняць, дык будзя хамут гуляць. — Гэтак папераджаюць таго, хто мае ахвоту мяняць коні з гандлёўшчыкамі.
-
37
Калі будзіш усё ведаць, дык скора састарэішся. — Прыказваюць дзецям, ці падлеткам, якія цікавяцца справамі неадпаведнымі іхнаму веку.
-
38
Калі валіцца малы, дык Бог падкідая падушачку, а калі стары валіцца, дык Бог падкідая барану. — Прыказваюпь, калі стары зваліцца, дык звычайна скалечыцца, ці заб'ецца, а малы пры гэткай-жа прыгодзе застаецца непашкоджаны.
-
39
Калі веруць, дык ні правірайся. — Хто набыў давер у грамадзе, хай яго ня губляе праз злоўжываньне.
-
40
Калі вінін, дык аддаць павінін. — Напамін людзям, каб былі справядлівымі й сумленнымі ў дачыненьні да іншых.
На запыт знайшлося 164 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць