-
41
Калі вісець, дык за абедзьве нагі. — Калі пачаў нейкую справу, хай сабе й рызыкоўную, даводзь яе да канца.
-
42
Калі вядзецца, дык і на шчэпку прадзецца. — Калі некаму ручыць, дык ён мае посьпехі й без адмысловых захадаў.
-
43
Калі дало зрабіць, дык дасьць і зьесьці. — Сялянскія заўвагі аб надвор'і: Калі сухое лета й няма перашкоды ў зборы збожжа й сена, дык прыйдзе марозная зіма, статак зьесьць больш корму, і сена нястане.
-
44
Калі да Спаса жыта ні зьбярэш з поля, дык посьля Спаса яно само пойдзя ў зямлю. — Сялянская прыказка аб тым, што посьля Спаса (6 жнівеня) жыта асыпаецца.
-
45
Калі да цябе ня п'юць, дык і ні кажы «Здароў будзь!». — Прыказваюць таму, хто настырліва набіваецца ў кампанію, дзе ён не пажаданы.
-
46
Калі дзень даўжэя, дык нітка карацея. — Жаночая прыказка, бо бабы й дзеўкі найболей спрадаюць кудзелі вечарамі й досьвіткамі, калі доўгія ночы. Калі-ж дзень стане доўгі, тады яны адрываюцца ад пражы на іншыя работы ў гаспадарцы.
-
47
Калі ёсьць - жары, а німа - мры. — Прыказваюць гаспадару, які жыве толькі сёньняшнім днём.
-
48
Калі жонка ні адпрадзе, дык так прападзе. — Выказваюцца аб ненадзейным даўжніку.
-
49
Калі жонкі стыдацца, дык дзяцей ня будзе. — Жартуюць з таго, хто далікатны і папускаецца сабе на ўбытак - стыдаецца доўг спаганяць.
-
50
Калі за сваім йізыком слова ня ўдзержыш, дык і на чужы язык ні спадзівайся. — Прыказваюць, калі нехта каракае, што яго сябра выдаў ягоны сакрэт.
-
51
Калі захочыш за чужую залабніцу ўзяцца, дык і сваю мусіш падставіць. — Прыказваюць да таго, хто ўступае ў бойку, каб пабіць некага, бо ён і сам рызыкуе, што будзе пабіты.
-
52
Калі захочыш сабаку ўдарыць, дык і кій знайдзіш. — Прыказваюць у шмат якіх выпадках. Калі захочаш зь некім пасварыцца, дык і прычыну знойдзеш.
-
53
Калі з засека цячэ, дык і няўмека хлеб сьпячэ. — Калі ёсьць на чым гаспадарыць, дык і мала практыкоўны чалавек патрапе нешта зрабіць.
-
54
Калі Каляды ў віташку, дык хавай насеньня ў мяшку. — Сялянская прыкмета аб тым, што калі Каляды ў веташку, дык будзе раньняя вясна й рана давядзецца сеяць.
-
55
Калі капуста дагодзя, дык і самавар не зашкодзе. — Пасьля сытнага абеду, дык добра й чаю выпіць.
-
56
Калі конь ня выліняў да Яна, дык пускай яго да другога пана. — Сялянская прыкмета аб тым, што калі конь посьле зімы не паправіўся да 24 чэрвеня, дык прадавай, бо наступнай зімы не перажыве.
-
57
Калі мазур ехаў на кірмаш, дык агуркі абіраў (ды еў), а калі ехаў зь кірмашу, дык шалупіны падбіраў (ды еў). —
1. Гэтак высьмейваюць ганарыстасьць мазураў.
2. Высьмейваюць таго, хто ня ўмее кіраваць сваімі запасамі, ня думае аб заўтрашнім, а жыве толькі сяньняшнім днём. -
58
Калі маіш у хаця вольны куток, дык пастаў барану, бо лепі будзя абыходзіць барану, як добрага кутніка. —
1. Бывае заўсёды вялікі неспакой, калі дзьве сям'і жывуць у ваднэй хаце.
2. Гэтую прыказку сяляне ўспаміналі, калі бальшавікі сталі іх заганяць у калгасы і змушалі жыць у ваднэй гаспадарцы не па дзьве сям'і, але й шмат болей. -
59
Калі Марцэля высьпіцца, дык і сама ўстаня. — Прыказка аб тым, што калі жыцьцёвыя патрэбы чалавека задаволеныя, тады няма клопатаў і ў кіраваньні ім.
-
60
Калі мінула дваццаць пяць, дык дома сядзь. — Прыказваюць аб дзеўцы, бо даўней дзеўку посьля дваццаці пяці гадоў уважалі за перастарка й яе ня бралі замуж.
На запыт знайшлося 164 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць